Бомба з падвойным дном

Сяргей Астраўцоў

Сучасны нобэлеўскі ляўрэат, але не празаік ці паэт, а — драматург — выпадак унікальны! Гаворка пра Дарыё Фо (нар. 1926), італьянца (нобэлеўская прэмія па літаратуры — 1997), п’есу якога «Выпадковая сьмерць анархіста» паставіў Гарадзенскі абласны драмтэатр. Гэта камэдыя, але пра рэчы надзвычай сур’ёзныя: пра самагубствы на допытах і самаробныя бомбы, зробленыя, як высьвятляецца нечакана, найлепшымі спэцыялістамі.

Галоўнай дзейнай асобай ёсьць вар’ят, але эрудыраваны і з так удала падвешаным языком (што амаль з захапленьнем адзначае камісар, якія яго дапытвае), што астатнія, нармальныя, вераць яму і слухаюцца. І што яшчэ больш дзіўна: яму паслухмяныя сьледчыя і начальнік паліцыі, людзі, якія звычайна ня вераць нікому. А дзея адбываецца якраз у пастарунку. Першы камісар бярэ ў яго паказаньні: затрыманы выдаваў сябе за псыхіятра, дацэнта Падуанскага ўнівэрсытэту. А ці ведае ён, што за такое ашуканства караюць турмою? Вар’ят адказвае: «За падман, які зьдзяйсьняе нармальны чалавек. Але ж я вар’ят». Маўляў, сапраўдны вар’ят, з маніяй пераўвасабленьня, які «шаснаццаць год вывучаў псыхіятрыю ў шаснаццаці розных вар’яцкіх дамах».

Сцэна са спэктаклю “Выпадковая сьмерць анархіста” у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры

У гэтым пастарунку адбылося раней надзвычайнае здарэньне: анархіст, якога дапытвалі, выкінуўся ў акно і забіўся... Але справа закрытая, вінаватых няма. Наш вар’ят пазьней вяртаецца, каб прыкінуцца важнай пэрсонай з Рыму і папярэдзіць, што справа аб гібелі анархіста будзе перагледжаная. Насамрэч ён шляхам правакаваньня, як гэта робіцца самімі паліцыянтамі на допытах, выцягвае з начальніка паліцыі і другога камісара падрабязнасьці таго дня. У справе мноства нестыковак. Допыт закончаны нібы а восьмай вечара, а анархіст выкідаецца з акна толькі апоўначы. Чаму яно адчыненае, калі зіма? Трэцяе: чаму хуткую выклікалі за пяць хвілін да здарэньня?

Анархіста абвінавачвалі — што ён падклаў бомбу. У чалавека было алібі. Але начальнік паліцыі, каб паставіць кропку, выдумаў, што «самагубства» — «відавочны акт самаабвінавачаньня». Усё гэта, крок па кроку, высьвятляе вар’ят, які дзейнічае цяпер пад імем прафэсара Маліп’ера, «першага дарадчыка касацыйнага суду». Начальнік паліцыі яму тлумачыць: «Наша прафэсія, наш абавязак, вы самі гэта прызналі — дапытваць падазраваных, ды так, каб яны загаварылі».

Вар’ят не здаецца. Перагортваючы справу, ён пярэчыць: зь яе зусім не вынікае, што анархіст хаця б прызнаўся ў сваёй датычнасьці да выбуху ў банку і гібелі людзей! Што ж атрымліваецца: прызнаньне за яго прыдумалі самі паліцыянты?! Так, прыдумалі, пагаджаецца другі камісар... Вар’ят змусіў іх гаварыць. Начальнік паліцыі абураецца: спачатку «паскудны ўрад» змушае «ўзбударажваць народ, ствараць абстаноўку тэрарызму, нарастаючых беспарадкаў». І «неабходнасьці моцнай улады» — падказвае другі камісар. Вось яны і кідаюцца выконваць...

Сваю п’есу Дарыё Фо напісаў па сьлядах сапраўднага выпадку. Але твор гэты як пра Італію, так і пра любую іншую краіну, у прыватнасьці — пра Беларусь... Высьвятляецца, што спачатку не было ніводнага пратаколу допыту анархіста. Але пасьля ягонай сьмерці паяўляюцца адразу некалькі! Вар’ят кажа паліцыянтам: каб нехта з падазраваных намянціў бы столькі бязглузьдзіцы, як гэты зрабілі вы самі, яго б як мінімум прыхлопнулі! Проста не паліцыя, а «забаўнікі, жартаўнікі»! Вы і на допытах весяліце арыштаваных?

Цягам дзеі вар’ят яшчэ двойчы пераапранаецца, тут жа, у кабінэце. У капітана-крыміналіста і ў сьвятара. Спачатку ў яго шкляное вока, пратэз рукі і драўляная нага. Што ж, камэдыя ёсьць камэдыя! Паяўляецца таксама новы пэрсанаж — журналістка, яе таксама цікавіць цьмяная гібель анархіста, якую галоўны пракурор назваў «сьмерцю ў выніку няшчаснага выпадку». Алібі анархіста пацьвердзілі тры пэнсіянэры, якія гулялі зь ім у карты, калі выбухалі самаробныя бомбы. Аднак судзьдзя палічыў іхныя сьведчаньні нявартымі ўвагі, нагадвае журналістка: людзі пажылыя, памяць ужо ня вельмі ў іх, ды яшчэ самі — інваліды... Як тут ня ўспомніць бязрукага і глуханямога, якога схапілі тры гады таму на «маўклівай» акцыі. Беларускі суд паверыў міліцэйскім «сьведкам», што чалавек пляскаў у далоні і крычаў, і не паверыў сваім вачам і вушам: ён ня мог гэтага рабіць, таму што інвалід.

У спэктаклі вар’ят пераймае рэй у журналісткі: у судах сапраўды сьведкі дзеляцца на катэгорыі, на гатункі — чым лепей ты ўладкаваўся ў жыцьці, тым больш табе веры, рэжа ён праўду-матку.

Дарыё Фо ня быў бы самім сабой, каб не зьмясьціў у сваёй п’есе дзьве гісторыі. Другая чакае на дне чамадана, якое трэба ўзьняць. Яна ўжо датычыць ня сьмерці анархіста, а самой гісторыі выбухаў, якая выглядае правакацыяй, ды самаробнай бомбы і заціраньня сьлядоў. Цягам далейшага дзеяньня беларускаму гледачу сама сабой успамінаецца гісторыя выбуху ў мэтро: хуткі арышт падазраваных, сьледзтва, суд, хуткі расстрэл.

Але вернемся на сцэну. Цяпер пытаньні задае журналістка: чаму паліцыя знайшлі другую бомбу, каб адразу зьнішчыць? Хаця лягічна было б перадаць яе ў крыміналістычную лябараторыю, каб яе вывучылі як сьлед? Узарваўшы бомбу, зьнішчылі і аўтограф злачынцаў! Вар’ят падтаквае ёй: «Гэта слушна, бо нездарма кажуць: скажы мне, як ты майстраваў бомбу, і я скажу, хто ты». Але ўспомніўшы, што цяпер выконвае ролю капітана-крыміналіста, ён бярэ муляж бомбы, які ёсьць у паліцыі, і пачынае выдумляць, што ўнутры самой бомбы магла быць яшчэ адна. Пакуль першую паспрабуюць абясшкодзіць, другая абавязкова выбухне...

Так, гэта пераканаўча, пагаджаецца журналістка. Я і сам сябе здолеў пераканаць, кажа вар’ят. І мяне таксама, далучаецца першы камісар: «Брава. Гэта выдатная здагадка». І прагаворваецца, што «сапраўдная бомба была значна больш складанай». Ён яе бачыў! «Але і гэтая, без сумневу, зроблена добра, вялікімі спэцыялістамі, адным словам, прафэсіяналамі».

Журналістка рэагуе: «Прафэсіяналамі? Вайсковымі напэўна?» Першы камісар пагаджаецца, але яго штурхаюць у бок калегі. Журналістка падсумоўвае: значыць, такую складаную бомбу маглі вырабіць толькі сапраўдныя спэцыялісты, але паліцыя засяродзілася на сьціплай купцы анархістаў, любыя іншыя сьляды пакінуўшы па-за ўвагай. Але чаму, навошта? Зноў сьпяшаецца з падказкай вар’ят: ім трэба «правакаваць злачынствы, каб потым мець падставу для рэпрэсій».

Першы камісар спрабуе спыніць далейшыя крокі вар’ята, паколькі дагэтуль яго ня слухалі, што той — ненармальны. Паліцыянт хапае са сьцяны прэзыдэнцкі партрэт, піша на адвароце «Ён — вар’ят» і паказвае калегам, каб прачыталі... Прызнацца, я падумаў тады, што гэта прыдумка акторскай трупы, у гарадзенскім тэатры любяць такія прыёмчыкі. Але аказалася, што напісаць «Ён — вар’ят» прыдумаў сам Дарыё Фо.

Другі камісар, аднак, выхоплівае ў першага партрэт прэзыдэнта і разрывае на шматкі. На яго накідваецца начальнік: зьнішчыць партрэт прэзыдэнта — гэта злачынства! Але крыху прытарможвае: «Я магу, канечне, у чымсьці пагадзіцца з вамі. Сапраўды, ён занадта часта зьвяртаецца да народу з патэтычнымі пасланьнямі... Але гэта зусім не азначае, што трэба рваць ягоныя партрэты».

У фінале ўсе паверылі, што вар’ят сапраўды вар’ят. Ён пагражае ўзарваць прысутных. Але бомба абясшкоджаная, гавораць яму. Ну што ж, няхай так. Але ён запісаў на магнітафон прызнаньні паліцыянтаў. І гэта стане сапраўднай бомбай! А тут яшчэ прысутнічае вельмі дарэчы газэтчыца!

Спэктакль «Выпадковая сьмерць анархіста» паставіў любімы гарадзенцамі актор Сяргей Курыленка, заслужаны артыст Беларусі, які апошнім часам займаецца таксама рэжысурай. У яго строгія, рэалістычна зробленыя спэктаклі, без рамантызму савецкай школы, што заўважаецца ў іншых пастаноўках тэатру. Роля вар’ята ў спэктаклі цэнтральная, яе выканаў самы камэдыйны актор трупы Васіль Мініч. У такіх ролях ён як рыба ў вадзе, ён трымае ўсю пастаноўку. Але так было задумана самім аўтарам. П’есу Дарыё Фо напісаў, між іншым, яшчэ ў 1970 годзе. Што відавочна: твор зусім ня мае рэтраўскага прысмаку, ён вельмі сучасны.

Яшчэ больш надзённай выглядае сёньня п’еса Дарыё Фо «Дзьвюхгаловая анамалія», якую на расейскіх падмостках назвалі «БэрлюсПуцін». Большасьць тэатраў пабаяліся яе ставіць.

У спэктаклі Бэрлюсконі сустракаецца з Пуціным. Напад тэрарыстаў. Абодва пры сьмерці. Але Пуціна можна ўратаваць, калі перасадзіць яму мазгі Бэрлюсконі. У выніку атрымліваецца дзюдаіст з галавой лавеласа. Расейцы вырашылі адаптаваць п’есу, выкарыстаўшы больш зьвестак пра Пуціна, чым пра Бэрлюсконі. Яны шукалі ў іх агульныя рысы, напрыклад «схільнасьць да маны». Італьянскі прэм’ер, напрыклад, публічна заявіў, што ягоны бацька ў час апошняй вайны «партызаніў у Швэйцарыі»... Былі выкарыстаныя таксама ўспаміны цяпер былой жонкі расейскага прэзыдэнта Людмілы Пуцінай, згодна якой яму заўсёды была ўласьцівая страшэнная падазронасьць.

Дарыё Фо напісаў твор напачатку 2000-х, калі малады прэзыдэнт Пуцін стараўся ўсім спадабацца і выклікаў безумоўныя сымпатыі за мяжой: ад Тоні Блэра да Джорджа Буша, і ў Бэрлюсконі ў тым ліку. Але гэтая роля яму аднойчы надакучыла.