Лукашэнка вызваліў ад пасады начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь палкоўніка Андрэя Ўцюрына і прызначыў яго намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі Беларусі.
Гэтым жа ўказам ад пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі вызвалены генэрал-маёр міліцыі Аляксандар Канавалаў, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Службу бясьпекі прэзыдэнта, якая спачатку называлася службай аховы прэзыдэнта, з 1994 году ўзначальвалі Вячаслаў Каралёў, Юры Бародзіч, Уладзімер Навумаў, Леанід Ерын, Генадзь Нявыглас, Яўген Двярніцкі, Юры Жадобін, а з 2007 году — Андрэй Уцюрын. Раней Уцюрын займаў у гэтай структуры пасаду начальніка ўпраўленьня асабістай аховы.
На пасадзе галоўнага целаахоўніка прэзыдэнта Андрэй Уцюрын затрымаўся даўжэй за сваіх папярэднікаў і атрымаў званьне палкоўніка.
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў Пензе (Расея). Скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча МУС Расеі і Акадэмію МУС Беларусі.
Хто цяпер узначаліць Службу бясьпекі прэзыдэнта, пакуль не паведамляецца.