Чаму жанчынам складаней схуднець, чым мужчынам

У адным з мінулых артыкулаў я падзялілася 10 парадамі, як схуднець. У гэтым матэрыяле — дадатковыя стратэгіі і інфармацыя да разважаньня.

Розьніца паміж тым, як мужчыны і жанчыны пераносяць дыеты, худнеюць і займаюцца спортам, сапраўды ёсьць. Некаторыя адрозьненьні палягаюць у біялёгіі; іншыя ў паводзінах. У прынцыпе, страта вагі — гэта вынік спальваньня арганізмам большай колькасьці калёрый, чым ён спажывае. Але ня ўсё так ужо і проста. Асабліва, калі вы — жанчына.

Фізычныя практыкаваньні

Мужчыны, як правіла, маюць больш цягліц чым жанчыны. Цягліцы спальваюць больш калёрый, чым тлушчавая маса. Такім чынам, мужчыны маюць больш хуткі мэтабалізм (абмен рэчываў), прыкладна, у сярэднім на 7 адсоткаў вышэй, чым жанчыны.

У трэнажорнай залі жанчыны, як правіла, падымаюць больш лёгкую вагу і больш засяроджваюцца на кардыё-фітнэсе, у той час як мужчыны звычайна імкнуцца падымаць больш цяжкую вагу, што павышае склад цягліц і хуткасьць мэтабалізму.

Харчаваньне

Калі справа даходзіць да ежы, дык ёсьць доказы, што мужчынскія і жаночыя мазгі па-рознаму рэагуюць на ежу. У гэтым сэнсе цікавыя вынікі дасьледаваньня, апублікаванага ў 2009 годзе на паседжаньні Амэрыканскай нацыянальнай акадэміі навук. Зь яго вынікае, што мозг жанчын, нават калі яны не галодныя, актывізуецца, калі жанчыны бачаць, нюхаюць і смакуюць такія прадукты, як, напрыклад, піца, булачкі з карыцай і шакалядны торт (менавіта гэтыя прадукты выкарыстоўвалі ў дасьледаваньні). Сканаваньне мозгу паказала актыўнасьць у рэгіёнах, якія кантралююць позыў да прыёму ежы. За мужчынамі такога не назіралася.

Біяхімія таксама грае ролю. У жанчын узровень грэліну, або так званага «гармону голаду», падвышаецца пасьля трэніроўкі, у той час як гармон лептын, які адказвае за пачуцьцё насычэньня, рэзка падае. У мужчын такіх гарманальных ваганьняў не назіраецца. Пасьля трэніроўкі жанчыны, як правіла, ядуць больш, што ставіць іх пад пагрозу набору лішняй вагі. Дасьледчыкі мяркуюць, што гэта можа мець дачыненьне да дарвінаўскай тэорыі. То бок, гэта ёсьць натуральны спосаб жаночага арганізму змагацца з дэфіцытам энэргіі ў мэтах захаваньня ўрадлівасьці і захаваньня віду.

Звычкі і эмоцыі

Многія жанчыны набіраюць вагу, як толькі яны заводзяць сталыя адносіны з мужчынамі, таму што яны пачынаюць есьці так жа шмат і часта, як і іхныя партнэры-мужчыны. А гэта занадта шмат.

Дасьледаваньнем, апублікаваным у Амэрыканскім часопісе клінічнага харчаваньня, устаноўлена, што жанчыны часьцей ядуць з эмацыйных прычынаў, чым мужчыны.

Эмацыйныя едакі ў імкненьні адчуваць сябе лепш схільныя цягнуцца да прадуктаў харчаваньня, якія ўзьдзейнічаюць на цэнтар задавальненьня мозгу. Як правіла, гэта салодкія, тлустыя і салёныя прадукты, якія могуць прывесьці да павелічэньня вагі.

І мужчыны, і жанчыны схільныя да падыходу да страты вагі «усё ці нічога», але жанчыны больш схільныя да прыняцьця крайніх мераў, каб вярнуцца на правільны шлях. Яны часта выкарыстоўваюць такія тактыкі, як ачышчэньне сокам, пропуск прыёмаў ежы ці экстрэмальныя дыеты. Усё гэта — ня самыя ўстойлівыя мэтады. Большасьць мужчын, як правіла, проста вяртаюцца да першапачатковага пляну або лішні раз ідуць у спартовую залю.

Як зрабіць страту вагі больш эфэктыўнай

● Пачніце сілавыя трэніроўкі. Цягліцы спальваюць больш калёрый, чым тлушч, нават у стане спакою. Хадзіце ў спартовую залю мінімальна два-тры разы на тыдзень.
● Не трымайце дома і на працы шкодных прадуктаў.
● Вядзіце дзёньнік харчаваньня. Большасьць з нас схільныя недаацэньваць, колькі мы ямо. Дасьледаваньні паказваюць, што вядзеньне харчовага дзёньніка можа падвоіць страту вагі. Зараз на рынку мабільных аплікацыяў мноства мабільных дзёньнікаў.
● Сачыце за памерам сваёй порцыі. Гэта можа азначаць больш гародніны на вашай талерцы і менш бялку і прадуктаў з высокім утрыманьнем крухмалу і тлушчу.
● Сьпіце дастаткова. Даросламу чалавеку патрэбна ня менш за шэсьць гадзінаў сну кожную ноч калі сямі. Недахоп сну выклікае апэтыт і спрыяе росту гармону голаду, падвышаючы такім чынам рызыку пераяданьня.
● Плянуйце загадзя і не рабіце пакупкі на галодны страўнік.
● Не марце сябе голадам. Ешце кожныя тры-чатыры гадзіны.
● Як можна часьцей прымайце вэртыкальнае становішча. Пазьбягайце знаходжаньня ў сядзячым становішчы на працягу ўсяго дня. Такія простыя дзеяньні, як устаць з рабочага месца і прагуляцца, павялічаць сакрэцыю гармонаў, адказных за добры настрой, у прыватнасьці сэратаніну, дофаміну і эндарфінаў. Простыя фізычныя дзеяньні ўмеранай інтэнсіўнасьці, накшталт хады, дапамогуць утаймаваць апэтыт і заставацца энэргічным.