Праблема суіцыду — адна з сур’ёзных для чалавецтва. У ліку асноўных прычынаў, якія штурхаюць людзей на апошні крок, — такія псыхічныя парушэньні, як праблемы асобы, дэпрэсія, алькагольная залежнасьць, шызафрэнія, а таксама фізычныя захворваньні кшталту нэўралёгіі, раку, ВІЧ-інфэкцыі. Тым часам Беларусь, якая трымала сумнеўнае лідэрства па колькасьці самагубцаў, за апошняе дзесяцігодзьдзе істотна палепшыла невясёлыя паказьнікі.
Прызнаньнем суіцыду ў якасьці важнейшай праблемы сучаснага грамадзтва стала правядзеньне 10 верасьня 2003 году першага Ўсясьветнага дня прадухіленьня самагубстваў. Згодна з дадзенымі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, за апошнія 50 гадоў паказьнікі самагубстваў на плянэце ўзрасьлі на 60% і цяпер суіцыд у бальшыні дзяржаваў — сярод 10 вядучых прычынаў сьмерці.
Падлічана, што кожныя 30–40 сэкундаў у сьвеце хтосьці добраахвотна разьвітваецца з жыцьцём. Агулам штогод ад суіцыдаў паміраюць больш за 800 000 чалавек, а ў Эўропе сярод акалічнасьцяў сьмерці людзей ва ўзросьце ад 15 да 30 гадоў гэта другая прычына па частаце пасьля дарожна-транспартных здарэньняў. Паводле наяўных дадзеных, сярод дарослага насельніцтва на кожнага загінулага ад самагубства прыпадае больш за 20 чалавек, якія мелі суіцыдальную спробу.
У чым прычына таго, што людзі добраахвотна адмаўляюцца ад самага каштоўнага дарунку лёсу — жыцьця? Ці ёсьць магчымасьць утрымаць патэнцыйную ахвяру ад неабачлівага кроку? Кандыдат мэдычных навук, лекар-псыхоляг Алена Тарасевіч лічыць, што да эмацыйных зрываў падштурхоўвае рытм жыцьця, калі проста няма часу аднавіць сілы. Шмат каго гэта ўводзіць у дэпрэсіўны стан. Прычым падставай для дэпрэсіі можа стаць і праца, якая забірае ўсе сілы, і складанасьці ў асабістым жыцьці:
На нэўрозы пакутуюць, як правіла, эмацыйныя людзі з трывожна-надумлівымі рысамі характару
«На нэўрозы пакутуюць, як правіла, эмацыйныя людзі з трывожна-надумлівымі рысамі характару. У сваю чаргу, стэнічныя людзі, якія прызвычаіліся ісьці ў сытуацыю, а не пазьбягаць яе — а гэта асноўны прынцып пазбаўленьня ад нэўрозаў, бо ў іншым выпадку праблема будзе толькі павялічвацца ў памерах, нарастаць як камяк сьнегу — такія праблемы перажываюць нашмат лягчэй. І, само сабой, тыя людзі, якія спрабуюць ізалявацца ад сытуацыі, якая іх палохае, дома ці яшчэ недзе, пачынаюць канфліктаваць з блізкімі, з калегамі. І калі пры гэтым яны бачаць, што навокал жыцьцё руйнуецца, крайняй праявай гэтага стану можа зьявіцца суіцыдальная тэндэнцыя і ўласна суіцыд. Калі чалавек ня бачыць дапамогі ад блізкіх, свайго найбліжэйшага атачэньня, калі не паляпшаецца стан ад прыёму прэпаратаў, прызначаных лекарам, тады сама сабой прыходзіць страта веры ў жыцьцё».
Нягледзячы на перадузятае меркаваньне, што праблема суіцыдаў больш характэрная для краінаў з высокім узроўнем жыцьця, насамрэч 75% самагубстваў прыпадае на тэрыторыі зь сярэднім і нізкім дастаткам. Беларусь — якраз у гэтым шэрагу. Між тым штосьці ў сьвядомасьці беларусаў пачынае мяняцца, і за апошнія 10–12 гадоў з суіцыдных лідэраў краіна паступова адкацілася да «сераднякоў».
Згодна з дадзенымі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, на пачатку новага тысячагодзьдзя Беларусь уваходзіла ў сьпіс краінаў, дзе праблема самагубстваў стаяла надзвычай востра. Інфармацыя пра падлеткаў, якія, узяўшыся за рукі, пад «кайфам» сігалі з высотак, пра маладых жанчын, якія выкідаліся з вокнаў зь немаўлятамі, рабацягаў і пэнсіянэраў, якія падалі на рэйкі мэтрапалітэну, прыводзіла ў шок. Нядаўняе пацьверджаньне актуальнасьці праблемы — сьмерць нашага калегі, журналіста «Эўрарадыё» Дзьмітрыя Шаўчука.
Паводле афіцыйнай статыстыкі за 2000 год, на 100 тысяч жыхароў Беларусі тады прыпадала 35,5 суіцыдальнага выпадка — добраахвотна пайшоў у іншы сьвет 2051 чалавек (зь іх 1651 мужчына і 400 жанчын). Горш з гэтым каэфіцыентам было толькі на Шры-Ланцы (каэфіцыент 52,7 на 100 тысяч жыхароў), у Гаяне (48,3), КНДР (47,3), Літве (44,9), Казахстане (37,6).
Аднак па выніках апошніх падлікаў за 2012 год тэндэнцыя карэнным чынам зьмянілася, засьведчыўшы зьніжэньне ўзроўню суіцыдаў амаль напалову — з 35,5 выпадка на 100 тысяч чалавек да 18,3 (мінус 48%). Гэта, зрэшты, адпавядае лічбам суседзяў. Так, у Расеі за 12 гадоў узровень самагубстваў паводле згаданай шкалы зьнізіўся з каэфіцыенту 35 да 19,5 (мінус 44,4%), ва Ўкраіне — з 29,8 да 16,8 (мінус 43,6%), у Латвіі — з 29 да 16,2 (мінус 44,2%), у Польшчы — з 18,5 да 16,6 (мінус 10,5%). Істотна палепшыла паказьнікі і Літва — зьніжэньне ўзроўню самагубстваў склала 37,2%.
Адметна, што калі бальшыня краінаў былога СССР на пачатку 2000-х перажывала сапраўдную суіцыдальную эпідэмію, каўкаскі рэгіён дэманстраваў прынцыпова іншую карціну — прагу да жыцьця. Так, у Азэрбайджане ўзровень самагубстваў як складаў у 2000 годзе 1,7 выпадка на 100 тысяч чалавек, так і застаўся. У Армэніі гэты паказьнік за прамінулыя гады скараціўся ад 3,2 да 2,9, а ў Грузіі — з 4,3 да 3,2.
Як тлумачыць галоўны пазаштатны спэцыяліст Міністэрства аховы здароўя Беларусі па псыхалёгіі і псыхатэрапіі Ірына Байкова, прафіляктыка суіцыдаў — ня толькі мэдычная праблема, таму пэўны прагрэс — у комплексным падыходзе да гэтага надзвычай складанага пытаньня:
«Спэцыялісты Міністэрства аховы здароўя распрацавалі інструкцыі дзеля распазнаваньня фактаў суіцыдальнай рызыкі, суіцыдальных прыкметаў і альгарытму дзеяньняў пры іх выяўленьні для мэдычных і сацыяльных работнікаў, пэдагогаў, псыхолягаў і г.д. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псыхалягічнага здароўя адкрытыя два стацыянарныя псыханэўралягічныя аддзяленьні для лекаваньня крызісных станаў, працуюць бясплатныя тэлефонныя „гарачыя лініі“ для аказаньня псыхалягічнай дапамогі асобам, якія трапілі ў складаную жыцьцёвую сытуацыю. Аналягічныя лініі функцыянуюць пры дзіцяча-падлеткавым і клінічным псыханэўралягічным дыспансэрах Менску. Калі ўзяць пад увагу, што росту суіцыдальнай актыўнасьці спрыяе алькагалізацыя насельніцтва, працягваюцца мерапрыемствы ў рамках дзяржпраграмы па барацьбе з п’янствам, скіраваныя на зьніжэньне спажываньня алькаголю ў Беларусі».
Росту суіцыдальнай актыўнасьці спрыяе алькагалізацыя насельніцтва
Як падкрэсьлівае Ірына Байкова, праблема суіцыдальных паводзінаў — складаная і шматгранная, на канчатковы выбар чалавека ў крызіснай сытуацыі ўплывае мноства разнастайных фактараў. Але комплексны падыход да прафіляктыкі суіцыдаў дэманструе прыклад эфэктыўнага міжведамаснага супрацоўніцтва дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў.
Як падкрэсьліваюць экспэрты, толькі нязначная колькасьць выпадкаў суіцыду адбываецца без наўпроставага ці ўскоснага папярэджаньня. Самагубца падтэкстам ці нават адкрыта кажа пра свае намеры. Таму да падобных пагрозаў трэба ставіцца надзвычай сур’ёзна. Тым больш, як сьведчыць багаты міжнародны досьвед, абсалютная бальшыня людзей радыкальны крок насамрэч разглядае як намер, а не як канчатковае рашэньне. А гэта значыць, пры своечасовым умяшаньні трагедыі можна пазьбегнуць.
Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ў пераліку захадаў, якія могуць прывесьці да зьніжэньня рызыкі суіцыду, называе абмежаваньне доступу да сродкаў самагубства — пэстыцыдаў, лекаў, зброі і г. д.; абавязковае лекаваньне людзей з псыхічнымі расстройствамі і перадусім тых, хто пакутуе на дэпрэсію, алькагалізм і шызафрэнію; назіраньне за людзьмі, якія чынілі спробы самагубства. Таксама арганізацыя заклікае мэдыі адказьней падаваць інфармацыю пра такога кшталту здарэньні, бо часам гэта можа справакаваць іншы эфэкт — жаданьне вырашыць свае праблемы аналягічным чынам.