Кіраўнік ураду Малайзіі Наджыб Тун Разак заявіў са спасылкай на галяндзкіх экспэртаў, што «Боінг-777» над Данбасам быў зьбіты ракетай «зямля-паветра».
Заява малайзійскага прэм’ера прагучала адразу пасьля таго, як Рада бясьпекі Нідэрляндаў апублікавала папярэднюю справаздачу аб прычынах авіякатастрофы, у якой гаворыцца, што малайзійскі «Боінг-777» распаўся ў паветры з прычыны вонкавага ўзьдзеяньня.
Паводле справаздачы, няма прыкметаў таго, што самалёт быў тэхнічна няспраўны ці што мела месца памылка пілётаў.
У выніку катастрофы, якая адбылася 17 ліпеня, загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце «Боінга».
Захад і Ўкраіна заяўлялі, што маюць доказы таго, што самалёт зьбілі прарасейскія сэпаратысты пры дапамозе зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» пры верагоднай падтрымцы Масквы. Сэпаратысты і Расея сваё дачыненьне адмаўляюць.