Санкцыі ЭЗ супраць Расеі завісьлі на некалькі дзён

Прэзыдэнт Эўразьвязу Герман ван Ромпэй

Увядзеньне новых санкцый супраць Расеі за яе ролю ва ўкраінскім канфлікце, якія былі узгодненыя 8 верасьня і мелі ўступіць у сілу 9 верасьня, было адкладзена на некалькі дзён.

Пра гэта заявіў позна ўвечары 8 верасьня прэзыдэнт Эўразьвязу Герман ван Ромпэй:

«Уступленьне ў сілу [санкцый] праз публікацыю ў Афіцыйным бюлетэні адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Гэта дасьць час для ацэнкі рэалізацыі пагадненьня аб спыненьні агню і мірнага пляну. У залежнасьці ад сытуацыі на месцах, ЭЗ гатовы перагледзець узгодненыя санкцыі ў цэлым або ў частцы».

Амбасадары краін Эўразьвязу першапачаткова дамовіліся зрабіць санкцыі супраць Расеі больш жорсткім яшчэ на мінулым тыдні. Але Фінляндыя 8 верасьня ў апошні момант выказала свае пярэчаньні. Да гэтых пярэчаньняў, паводле польскай Gazety Wyborczej, у той самы дзень часткова далучылася Нямеччына.

Дыпляматы Эўразьвязу, якія пажадалі застацца ананімнымі, сказалі Радыё Свабода, што новыя санкцыі ўключаюць забарону на крэдыты і фінансаваньне з боку ЭЗ для найбуйнейшых расейскіх энэргетычных кампаній — у тым ліку Роснефть, Транснефть і Газпром Нефть.