Ці можа Масква зачыніць расейскае неба для транзытнага пралёту заходніх авіякампаній?
Вядома, для прыняцьця такога рашэньня шмат розуму ня трэба — і нездарма Дзьмітры Мядзьведзеў кажа пра яго з такой упэўненасьцю. Затое для разуменьня наступстваў «закрытага неба» трэба разумець, як функцыянуе расейскі авіяцыйны рынак.
А функцыянуе ён пры ўмове выкарыстаньня прыбытку ад мыта, якое заходнія кампаніі плацяць Расеі за транзыт. Прычым атрымлівае гэтае мыта не дзяржаўны бюджэт, а фармальна прыватная авіякампанія «Аэрофлот». І калі яна пазбавіцца гэтых грошай — то за некалькі тыдняў ператворыцца з авіяцыйнага гіганта ў карузьліка. Рынак авіяперавозак у Расеі скароціцца ў некалькі разоў — і што ўжо напэўна зьнікне, дык гэта далёкамагістральныя ўнутраныя пералёты. Ну і палёты ў «Крымнаш», вядома — на іх проста ня будзе грошай. І палёты ў Калінінград.
Яшчэ больш складанай стане сытуацыя для расейскіх авіяперавозчыкаў, калі Захад адкажа сустрэчнай забаронай расейскага транзыту. У гэтым выпадку галоўным транзытным міжнародным аэрапортам Расеі стане аэрапорт Менску, а галоўным авіяперавозчыкам — «Белавія». І да беларускага васьмінога на прылаўках маскоўскіх супэрмаркетаў дадасца беларуская авіяцыя для тых, хто жадае падарожнічаць.
У гэтай сытуацыі парадаксальным зьяўляецца нават не падарожжа беларускага васьмінога і беларускага самалёта, а тое, што прэзыдэнтам Расеі ўсё яшчэ працуе Уладзімер Пуцін, а не Аляксандар Лукашэнка. Зрэшты, калі сытуацыя будзе разьвівацца па шляху вар’яцкіх антысанкцый, гэтую недарэчнасьць таксама хутка выправяць.