Цэны на бэнзін могуць карэктавацца штодня

Канцэрн «Белнафтахім» трэці раз ад пачатку году падвысіў цэны на аўтамабільнае паліва, прычым пасьля апошняга падаражэньня прайшло крыху больш за два тыдні.

Але выглядае, што цяпер лічбы на стэндах АЗС будуць зьмяняцца ледзь ня штодня: у ведамстве пастанавілі ўзяць за аснову бэнзін АІ-92-К5 і індэксаваць яго кошт у залежнасьці ад курсу даляра. Іншыя гатункі будуць рэгулявацца прапарцыйна эталёну.

Як паведамілі ў канцэрне, новыя падыходы, узгодненыя дзеля далейшай зьмены розьнічных цэнаў на паліва, маюць на мэце ў некалькі этапаў «падцягнуць» бэнзін маркі АІ-92-К5-Эўра ў эквіваленце да 1 даляра за літар. Затым яго кошт будзе індэксавацца ў залежнасьці ад зьмены курсу беларускага рубля да амэрыканскай валюты. Перагляд цэньнікаў на астатнія віды нафтапрадуктаў будзе адбывацца з захаваньнем цяперашніх суадносінаў паміж 92-м і іншымі гатункамі паліва:

«Ужываньне індэксацыі розьнічных цэнаў у залежнасьці ад курсу даляра да рубля дазволіць сумясьціць дзяржаўнае і рынкавае рэгуляваньне коштаў і наблізіць дзейны ў Беларусі мэханізм цэнаўтварэньня на аўтамабільнае паліва да ўсясьветнай практыкі. Новы мэханізм дасьць магчымасьць нафтаперапрацоўчым заводам больш апэратыўна рэагаваць на зьмены кошту нафтавай сыравіны, якую беларускія прадпрыемствы набываюць у Расеі праз папярэднюю аплату толькі за валюту. Узровень кошту 1 літра індыкатыўнай маркі бэнзіну АІ-92-К5, раўназначны 1 даляру, дазволіць забясьпечваць мінімальную эфэктыўнасьць працы НПЗ і магчымасьць іх далейшай мадэрнізацыі. У зьвязку з гэтым розьнічныя цэны на бэнзін і дызпаліва, якія рэалізуюцца праз АЗС, павялічыліся ў сярэднім на 4,1%».

Тым часам незалежныя экспэрты лічаць, што з такімі тэмпамі інфляцыі і пры цяперашнім дэфіцыце бюджэту неўзабаве трэба чакаць перапрывязкі коштаў: замест даляра — да эўра. У такім выпадку, кажа кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, цэны на паліва ў Беларусі і ў суседніх краінах зраўняюцца:

Віктар Цярэшчанка

«Думаю, што „палціньнік“ да даляра нарасьце вельмі хутка, і пахвальба пра самы танны бэнзін у Эўропе стане пустым гукам. Больш за тое, у нас даляр паводле пакупніцкай здольнасьці таньнее ледзь ня гэтак жа, як рубель. Вы ж паглядзіце: яшчэ гадоў дзесяць таму за 15–30 даляраў сям’я магла жыць як мінімум некалькі дзён. А цяпер, каб схадзіць у краму, нават у нібыта танны „Эўраопт“, дык за такія грошы нават самага неабходнага ня купіш. Вось у чым справа, сам даляр нічога не каштуе. Гэта, дарэчы, была зроблена вялікая памылка ў грашова-крэдытнай палітыцы, пра што я даўно казаў і кажу. Бо калі праводзіцца з боку дзяржавы інтэрвэнцыя, яна абавязкова праводзіцца, каб дагадзіць бюджэту і дзеля напаўненьня бюджэту. Ніякія іншыя „высакародныя“ мэты пры гэтым не перасьледуюцца».

Аўтамабільны аналітык Сяргей Байцоў лічыць падобны крок з боку галіновага канцэрну цалкам апраўданым. Па яго словах, ва ўмовах істотнай цэнавай розьніцы захоўваецца спакуса зарабіць на кантрабандзе паліва ў суседнія краіны — нават пасьля чарговага падаражэньня цэньнікі на беларускіх АЗС саступаюць польскім, літоўскім, нават украінскім:

«Калі гаварыць пра апошняе падвышэньне, якое, несумненна, пацягне за сабою наступныя, то нават з улікам росту сярэднія кошты ў нас усё роўна ніжэйшыя, чым у суседніх краінах. Прычым ніжэйшыя даволі адчувальна, фактычна ў паўтара раза. Таму трэба разумець, што такое падвышэньне само па сабе непазьбежнае, яно прывязанае да цэнаў ва ўсім сьвеце. Увогуле складана нешта камэнтаваць, бо гэта не зьвязана непасрэдна з аўтамабільным рынкам, гэта як адзін з элемэнтаў грашовай палітыкі дзяржавы. А агульная сытуацыя, спадзяюся, усім зразумелая: усе прыблізна ведаюць, колькі каштуе паліва ў Польшчы, у Літве, у той жа Расеі. Моцна вырасьлі кошты ва Ўкраіне. Таму нічога трагічнага ў такім кроку ня бачу».

Дагэтуль кіраўніцтва «Белнафтахіму» ківала на тое, што, маўляў, даводзіцца выраўноўваць кошты ў межах Мытнага саюзу, што гэта ледзь не ўльтыматыўнае патрабаваньне з боку Масквы. Цяпер пра мытную прастору ды Расею ня згадваецца. Як кажа экспэрт у энэргетычных пытаньнях Аляксандар Мех, задача чыноўнікаў — знайсьці любое апраўданьне непапулярным захадам, нават калі яны не стыкуюцца з ранейшымі заявамі:

Аляксандар Мех

«Што тычыцца нібыта новых падыходаў да фармаваньня цэнаў, то гэта трэба разглядаць толькі ў прыцэле апраўданьня за чарговы рост, які цяпер будзе няспынным. Але ў дадзеным выпадку яны выступаюць проста як тлумачы: калісьці ў шэйхаў былі такія тлумачы — што шэйх сказаў, тое яны перакладаюць з птушынай мовы на нібыта даходлівую. Дык вось і яны ўсе бязглуздыя крокі тых, хто ўплывае на эканоміку, спрабуюць патлумачыць. Таму ніякай розьніцы, хто і што кажа, бо гэта ўсё нелягічна, усе гэтыя меры асымэтрычныя. І ўсё ідзе толькі да таго, што з кожным такім падаражэньнем большая частка насельніцтва ніжэй і ніжэй апускаецца на дно. Гэта ж відавочна, што цэны на паліва — толькі вяршыня айсбэргу, але яны цягнуць за сабой цэлую нізку наступстваў».

Ад сёньня бэнзін АІ-92 перавысіў псыхалягічную адзнаку ў 10 000 рублёў за літар, дадаўшы зьверху 100 рублёў. Рост у параўнаньні з ранейшай цаной — 400 рублёў. АІ-95 падскочыў да 10 850 рублёў (плюс 450 рублёў), самае таннае дызэльнае паліва стартуе ад 10 950 рублёў (плюс 450 рублёў).