Арганізацыя па бясьпецы і супрацы ў Эўропе апублікавала ў ноч на нядзелю тэкст Пратаколу па выніках кансультацыяў трохбаковай кантактнай групы па сумесных кроках, накіраваных на імплемэнтацыю мірнага пляну прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і ініцыятываў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, падпісаны ў пятніцу ў Менску.
Падаем пераклад тэксту, арыгінал якога складзены на расейскай мове:
Пратакол па выніках кансультацый Трохбаковай кантактнай групы па сумесных кроках, скіраваных на імплемэнтацыю Мірнага пляну Прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і ініцыятываў Прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна
Па выніках разгляду і абмеркаваньня прапановаў, унесеных удзельнікамі кансультацый у Менску 1 верасьня 2014, Трохбаковая кантактная група ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расейскай Фэдэрацыі і Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе дасягнула згоды адносна неабходнасьці ажыцьцявіць наступныя крокі:
- Забясьпечыць неадкладнае двухбаковае спыненьне ўжываньня зброі.
- Забясьпечыць маніторынг і вэрыфікацыю з боку АБСЭ рэжыму неўжываньня зброі.
- Ажыцьцявіць дэцэнтралізацыю ўлады, у тым ліку шляхам прыняцьця Закону Ўкраіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей» (Закон аб асаблівым статусе).
- Забясьпечыць пастаянны маніторынг на расейска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы і вэрыфікацыю з боку АБСЭ са стварэньнем зоны бясьпекі ў памежных раёнах Украіны і Расейскай Фэдэрацыі.
- Неадкладна вызваліць усіх закладнікаў і незаконна ўтрымліваных асобаў.
- Прыняць закон аб недапушчэньні перасьледу і пакараньня асобаў у сувязі з падзеямі, якія адбыліся ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.
- Працягнуць інклюзіўны агульнанацыянальны дыялёг.
- Прыняць меры для паляпшэньня гуманітарнай сытуацыі на Данбасе.
- Забясьпечыць правядзеньне датэрміновых мясцовых выбараў у адпаведнасьці з Законам Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей» (Закон аб асаблівым статусе).
- Вывесьці незаконныя ўзброеныя фармаваньні, ваенную тэхніку, а таксама баевікоў і наймітаў з тэрыторыі Ўкраіны.
- Прыняць праграму эканамічнага адраджэньня Данбаса і аднаўленьня жыцьцядзейнасьці рэгіёну.
- Даць гарантыі асабістай бясьпекі для ўдзельнікаў кансультацый
- . Удзельнікі Трохбаковай кантактнай групы:
Пасол Хайдзі Тальявіні (подпіс)
Другі Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма (подпіс)
Пасол Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў (подпіс)
Аляксандр Захарчанка (подпіс)
Ігар Платніцкі (подпіс)