Чым, на вашу думку, падзеі на паўднёвым усходзе Ўкраіны небясьпечныя для Беларусі? Якія ўрокі павінна зрабіць беларуская ўлада на іх падставе? На такое пытаньне карэспандэнта Свабоды адказвалі сёньня жыхары Берасьця.
Пэнсіянэрка: Небясьпекі, мне падаецца, у нас не павінна быць. У нас такога ня будзе, як ва Ўкраіне. А якія павінны вынесьці ўрокі?.. У нас няма розьніцы — рускі, беларус... Ня дзеляць у нас, так як ва Ўкраіне. Ва Ўкраіне ж нельга гаварыць на рускай мове, толькі на ўкраінскай. А ў нас гавары на якой хочаш — хоць сабе на нямецкай, францускай... на кітайскай... На ўсякай гавары, у нас жа не забараняюць. А там ёсьць у іх розьніца. А ў нас розьніцы няма. У нас усе жывуць мірна і дружна.
Пэнсіянэр: На Беларусі адаб’ецца, канешне. Ужо адбілася — многія нашыя людзі ваююць і на тым, і на другім баку. Канешне, будзе Беларусь уцягнутая ў гэтую вайну, будуць гінуць нашыя дзеці... А Лукашэнка... Лукашэнка, ён... Што там гаварыць пра яго... Ён танцуе пад дуду Крамля. І ў яго там ніхто ня будзе пытаць. Што яны там вырашаць у Крамлі, тое ён і будзе рабіць. Ён абдымаецца з Парашэнкам, а потым з Пуціным. Гэта марыянэтка, так што я пра яго нават і гаварыць нічога не хачу.
Спадарыня сярэдняга веку: Ну, я нават і ня ведаю, чым яна можа быць небясьпечная. Ну, па-першае, прыяжджаюць прэзыдэнты у Беларусь, у Менск, яны тут вырашаюць праблемы ўкраінскія, каб вайна спынілася. То можа нашае кіраўніцтва таксама задумалася над тым, каб нашу Беларусь не ўцягнуць у тую сытуацыю, якая ва Ўкраіне. Улады, канешне, павінныя засьцерагацца такіх падзеяў, каб у нас вайны ня было.
Маладая дзяўчына: Канешне, вайна ва Ўкраіне адаб’ецца і на Беларусі. Сёньня ў інтэрнэце чытала, што Лукашэнка ўмацоўвае мяжу з Расеяй. Ну, гэта ж значыць, што ён баіцца, што яны могуць сунуцца і сюды... Таму, я думаю, што беларускія ўлады перажываюць і будуць прымаць нейкія меры на гэтым узроўні.
Спадар сярэдняга веку: Я проста ня ведаю, зараз, здаецца, перамовы, спыненьне агню братазабойчага. Але мне здаецца, што паўднёвы ўсход не прабачыць Парашэнку, Каламойскаму і ўсім астатнім... А Беларусі... У Беларусі, канешне, страшна, калі такая справа будзе, але я думаю, што да гэтага ня дойдзе. Беларусь усё-такі больш-менш спакойная краіна. Яны разумеюць, ужо бачаць урок з Украінай. Што з гэтага можа быць... І мне падаецца, што беларусы на такое ня пойдуць.