Што вядома пра кіраўнікоў ДНР і ЛНР Захарчанку і Платніцкага?

Аляксандар Захарчанка

Прэм’ер-міністар самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандар Захарчанка і кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі, якія сёньня прадстаўляюць сэпаратыстаў на перамовах у Менску, ня маюць ніякага палітычнага аўтарытэту і не прымаюць самастойных рашэньняў.

Як распавёў Радыё Свабода данецкі журналіст Аляксей Мацука, Захарчанка і Платніцкі да вайны на ўсходзе Ўкраіны нікому вядомыя не былі.

Аляксей Мацука

«Гэта наагул людзі невядомыя. Гэтыя людзі — ніхто. Іх ніхто нікуды не вылучаў, не выдаваў мандатаў, не дэлегаваў паўнамоцтваў. Гэта людзі без палітычнага бэкграўнду, без аніякай асновы ў мясцовай і ўсеўкраінскай палітычнай прасторы. Таму сур’ёзна ставіцца да іх ня трэба», — лічыць ён.

Па словах Мацука, трэба глядзець на тое, хто кіруе гэтымі «лідэрамі», а насамрэч кіруюць імі непасрэдна з Крамля.

«Зьвярніце ўвагу хоць бы на рыторыку Захарчанкі — гэта ж усё дакладна зьверана з паліттэхнолягамі з Масквы», — падкрэсьлівае данецкі журналіст.

Таму і ставіцца да іх візыту ў Менск трэба асьцярожна — усё роўна ўсе рашэньні будзе прымаць асабіста Ўладзімер Пуцін.

Паводле СМІ, Аляксандар Захарчанка нарадзіўся ў Данецку ў 1976 годзе, па прафэсіі ён — тэхнік-электрамэханік 6 разраду. Працаваў электрамэханікам, спрабаваў займацца бізнэсам, кіраваў данецкім аддзяленьнем прарасейскай спартова-грамадзкай арганізацыі «Оплот», створанай у 2010 годзе. Прымаў актыўны ўдзел у захопе адміністратыўных будынкаў у Данецку ў красавіку 2014-га. Потым папераменна быў камэндантам Данецку, намесьнікам старшыні МУС і прэм’ер-міністрам «ДНР». Прымаў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяньнях супраць украінскіх сілавікоў у якасьці палявога камандзіра, быў паранены ў руку.

Ігар Платніцкі

Ігар Платніцкі нарадзіўся ў Луганску ў 1964 годзе, служыў у савецкай арміі, службу скончыў у званьні маёра. Спрабаваў займацца бізнэсам, а потым немалы час працаваў у інспэкцыі па абароне правоў спажыўцоў. У траўні атрымаў пасаду міністра абароны «ЛНР», а ў жніўні — прэм’ер-міністра.

Яшчэ адным прадстаўніком «ЛНР» на перамовах у Менску будзе Аляксей Каракін.

«Гэта абсалютна невядомы пэрсанаж, які ні ў чым ня браў удзелу, нікога не прадстаўляў. Магчыма, яго накіравалі на перамовы менавіта таму, што ён нідзе раней не сьвяціўся і нікога не раздражняе. Я думаю, што гэта абсалютна тэхнічная фігура», — распавёў Радыё Свабода ўкраінскі журналіст Дзяніс Казанскі.

Аляксей Каракін

Зьвестак пра прадстаўніка «ЛНР» амаль няма. Дакладна вядома толькі, што Аляксей Каракін нарадзіўся ў 1980 годзе ў Стаханаве — маленькім горадзе ў Луганскай вобласьці. Ён скончыў мясцовы тэхнікум па спэцыяльнасьці «Тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт аўтамабіляў».

Паводле інтэрнэт-крыніц, у Стаханаве Каракін правёў амаль усе жыцьцё, а ў Луганску зьявіўся толькі ў красавіку 2014-га. Тут ён узяў удзел у адной з акцыяў сэпаратыстаў, быў затрыманы, але хутка яго вызвалілі. Ужо ў траўні ён стаў старшынёй вярхоўнага савету «ЛНР».

Яшчэ адным прадстаўніком сэпаратыстаў на перамовах будзе віцэ-прэм’ер «ДНР» Андрэй Пургін, які ўзначальваў дэлегацыю прарасейскіх сэпаратыстаў на мінулых кансультацыях у Менску 1 верасьня.