Вярхоўны суд вызначыў Андрэя Белякова ўладальнікам гандлёвага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі.
Кампанія Telewizja Polska S.A. абавязаная спыніць выкарыстаньне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансьляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адмовіцца ад яго выкарыстаньня на інтэрнэт-сайце тэлеканалу, які таксама даступны на тэрыторыі Беларусі.
Такое рашэньне агучыў сёньня Вярхоўны суд Беларусі. Старшынёй на працэсе была судзьдзя Глухоўская.
Такім чынам суд задаволіў пазоў Андрэя Белякова, які валодае выключным правам на гандлёвы знак «Белсат» на тэрыторыі Беларусі.
Кампанія таксама абавязаная выплаціць Андрэю Белякову 9 988 800 беларускіх рублёў.
Судзьдзя зачытвала рашэньне 40 хвілін.
«Прынцыпова ў нашай дзейнасьці пасьля рашэньня суду нічога не зьмянілася, — заявіў Радыё Свабода прадстаўнік тэлеканалу „Белсат“ Міхась Янчук. — З самага пачатку беларускія ўлады ў гэтым перашкаджаюць як афіцыйна, так і неафіцыйна, папярэджваючы нашых журналістаў і апэратараў за супрацу з замежным СМІ, якое зь віны ўладаў дзейнічае без рэгістрацыі ў Беларусі. Хоць мы з задавальненьнем дзейнічалі б тут легальна. Няма ніякіх мэханізмаў выкананьня гэтага рашэньня. Яго немагчыма рэалізаваць у сувязі з парушэньнем нормаў тэрытарыяльнай падпарадкаванасьці».
Андрэй Белякоў рашэньнем суду задаволены. На пытаньне, як ён ставіцца да таго, што беларусы могуць з-за ягонага пазову пазбавіцца магчымасьці глядзець тэлеканал, адказвае так:
«У судзе іх адвакат (адвакат кампаніі Telewizja Polska S.A. — рэд.) заявіў, што ў Беларусі гледачоў няма. Што яны ўсе ў Эўразьвязе, Новай Зэляндыі, Польшчы і недзе яшчэ. Да таго ж рашэньне суду — усяго толькі зьняць выяву гандлёвага знаку з трансьляцыі. Здыміце — і карыстайцеся. Няма ж забароны на трансьляцыю».
Камэнтаваць меркаваньні пра тое, што праз пазоў Белякова ўлада спрабуе перашкодзіць дзейнасьці незалежнага каналу ў Беларусі, Андрэй Белякоў адмаўляецца:
«Я да гэтых абвінавачаньняў ніяк ня стаўлюся. Ёсьць рашэньне суду».
На думку Міхася Янчука, «рашэньне прынятае насуперак усёй хадзе працэсу».
«У нас няма мэханізмаў абскардзіць гэтае рашэньне. Ёсьць толькі магчымасьць абскардзіць яго ў парадку нагляднай скаргі цягам трох гадоў пасьля яго прыняцьця», — заявіў Янчук.
Аднак Янчук сьцьвярджае, што забараніць тэлеканал «Белсат» праз гэтае рашэньне ня ўдасца:
«Прававы шлях для спадара Белякова вельмі праблематычны. Дзейнасьць „Белсата“ вядзецца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і па-за юрысдыкцыяй Рэспублікі Беларусь. Мне падаецца, што ў спадара Белякова няшмат шанцаў выйграць які-кольвечы працэс на тэрыторыі ЭЗ ці Польшчы. А бяз гэтага ў яго няма шанцаў, каб сёньняшняе рашэньне суду сталася рэальнасьцю».
Янчук нагадвае, што кампанія адпачатку была ня згодная ані з пазовам, ані з рашэньнем суду.
«Мы не вядзем ніякай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта пацьвярджаецца і разьмяшчэньнем нашай сядзібы, і рэгістрацыяй, і тым, што сайт тэлеканалу знаходзіцца па-за дамэннай зонай Рэспублікі Беларусь. Мы не парушаем беларускага заканадаўства ў нашай дзейнасьці».
Андрэй Белякоў, які валодае кампаніяй па продажы абсталяваньня для прыманьня спадарожнікавага і кабэльнага тэлебачаньня, сьцьвярджаў, што выкарыстаньне «Белсатам» падобнага ж гандлёвага знаку наносіць шкоду ягонай дзейнасьці.
Гандлёвы знак «Белсат» быў зарэгістраваны кампаніяй Telewizja Polska S.A.у 2002 годзе ў Польшчы. У 2003 годзе падобны гандлёвы знак зарэгістравала ў Беларусі фірма «Хайтэкмаркет». У 2006 годзе права на гандлёвы знак «Белсат» у Беларусі было саступлена Андрэю Белякову.