«Чарнілізацыя» Беларусі. Новы этап

Беларускі ўрад павялічыў квоту на вытворчасьць пладова-ягадных вінаў, якія ў народзе называюць «чарнілам». Адмыслоўцы лічаць іх найбольш небясьпечным відам алькагольных напояў. Чаму гэтак адбываецца і да чаго можа прывесьці?

З 293 да 433 тысяч дэкалітраў, то бок на 48%, павялічыў беларускі ўрад квоту на вытворчасьць пладова-ягадных натуральных вінаў у Беларусі. Таксама павялічана квота на вытворчасьць пладовых узмоцненых марачных вінаў. Паводле рашэньня, вытворчасьць шампанскага зьменшана больш як на 20%.

Адпаведная пастанова была прынятая 29 жніўня і ўступіць у сілу пасьля апублікаваньня.

Адмыслоўцы кажуць, што пладова-ягадныя віны, ці, паводле народнай назвы, «чарніла» — самыя шкодныя для здароўя алькагольныя напоі. Намесьнік галоўнага лекара Менскага гарадзкога наркадыспансэра Аляксандар Алішэвіч тлумачыць, чым яны небясьпечныя.

«“Чарніла“ мэтанакіравана б’е па мазгах і пячонцы. Пячонка — якраз той орган, які бароніць мозг ад энцэфалапатыі — хваробы з-за дрэннага забесьпячэньня мозгу крывёй. Таму падвойны эфэкт атрымліваецца. Масава паміраюць нэўроны ў мозгу, і ён страчвае абарону. Заўважана, што людзі, якія пераходзяць на „чарніла“, ужо маюць звычку да ўжываньня алькаголю. Гэта ўвогуле прыкмета таго, што чалавек апусьціўся, калі п’е „чарніла“. Гэта тыя, у каго не хапае сродкаў на даражэйшыя напоі і каму не хапае крытыкі, унутранай забароны чапаць гэтыя танныя напоі».

Якія сацыяльныя групы найчасьцей спажываюць «чарніла» і чаму? Паводле назіраньняў лекара Аляксандра Алішэвіча, танныя шкодныя напоі спажываюць найперш тыя, хто страціў згубіў сваё месца ў грамадзтве, ня мае працы, страціў сувязі са сваякамі. Маю заўвагу, што «чарніла» — напой для пэнсіянэраў, лекар адразу аспрэчыў. Паводле Аляксандра Алішэвіча, мужчыны — спажыўцы «чарніла», як правіла, не дажываюць да 60 гадоў, калі закон дазваляе выходзіць на пэнсію, а жанчыны гэтаксама сьпіваюцца і паміраюць да 55 гадоў.

«„Чарніла“ — гэта сьмяротны прысуд», — кажа другі адмыслоўца, які не пажадаў, каб яго назвалі. Дык чаму ж улады павялічваюць вытворчасьць гэтай «зброі» супраць уласнага народу? Адказ быў такі: «Нягледзячы на ўсе намаганьні мэдыцыны, гандаль значна мацней уплывае на ўрад. Таму што ад гандлю залежыць — самі ведаеце што». Мой суразмоўца пагадзіўся з тым, што ад спраў у гандлі непасрэдна залежыць бюджэт краіны.

Лекар менскага наркадыспансэра Юры Кудраўцаў штодня вядзе прыём хворых на алькагалізм. У «чарнільшчыкаў» сярод ягонай кліентуры — самыя цяжкія формы гэтай залежнасьці. Юры Кудраўцаў мяркуе, што сыравіна і тэхналёгія вырабу пладова-ягадных вінаў — галоўная прычына іх выключнай шкоднасьці.

«Па-першае, сьпірт няякасны. І гэта раней віны былі пладова-ягадныя, ці, як іх называлі, пладова-выгадныя. Вось „Агдам“, „Сонцадар“ і гэтак далей. Тыя віны рабілі з жамерын вінаграду, а ў Беларусі рабілі зь яблыкаў. А цяпер гэта ўсё парашковае, чыстая сынтэтыка. Ва ўсякім разе, ягадаў і пладоў там мінімум. А назваць можна як заўгодна. „Залатая восень“, „Адамаў яблык“. Чаму іх гэтак любяць? Ведаю, што на прахадной „МАЗа“ ці „МТЗ“ бабулькі, якія прадаюць сьпіртное, стаяць не з гарэлкай, а з „чарнілам“. Інжынэр з больш-менш яшчэ сьветлай галавой ня будзе браць „чарніла“, а рабацягі бяруць. Хоць часта зарабляюць больш за інжынэра. Выхаваньне такое. А потым іх прыводзяць да нас. Ці жонка прыводзіць, ці маці, ці міліцыя».

Цяпер гэта ўсё парашковае, чыстая сынтэтыка. Ва ўсякім разе, ягадаў і пладоў там мінімум

«Начныя зоры», «Сьпякотнае лета», «Атлянтыда»... Якіх толькі назваў, часта двухсэнсоўных, не прыдумляюць на беларускіх заводах алькагольных напояў для сваіх вырабаў. Дзеля чаго? Каб прывабіць пакупнікоў? Але «чарніла» і так прываблівае сваімі цэнамі, удвая-ўтрая ніжэйшымі, чым у гарэлкі, пярцоўкі ці бальзаму. Адкуль жа гэты палёт фантазіі?

Незалежны журналіст Севярын Квяткоўскі адмыслова вывучаў, як узьнікаюць назвы беларускага «чарніла».

«У іх калі рэцэптура мяняецца — сёньня адны ягады завезьлі, заўтра іншыя — то яны абавязаныя кожны раз да новага гатунку прыдумляць назву. Звычайна гэта робяць тэхнолягі. Да адмыслоўцаў яны не зьвяртаюцца, каб зэканоміць грошы. Вось і кажа тэхноляг Слуцкага заводу: то нешта з літаратуры згадаеш, то са школы, то ў слоўнік залезеш, то нешта ў кіно падчэпіш. Гэтак усё прыдумляецца і вырабляецца. Шмат хто калекцыянуе гэтыя назвы, ёсьць нават сайты. Камусьці гэта сьмешна, а мне ўжо ня сьмешна. Бо гэтая „чарнілізацыя“ краіны ўжо заўважная па тварах некаторых суайчыньнікаў».