Ліхаманка Эбола: перасьцярога ў Гомелі

У Гомель на вучобу пачынаюць прыяжджаць студэнты з Афрыкі, дзе буяе эпідэмія ліхаманкі Эбола. Як засьцерагаюцца ў абласным цэнтры ад пранікненьня сьмяротна небясьпечнага вірусу.

У Гомель зь Нігерыі, афрыканскай краіны, дзе таксама выяўлены вірус Эбола, прыехалі ўжо паўдзясятка чалавек. Усе яны — студэнты мясцовага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту.

У рэктараце гэтай навучальнай установы апавялі:

«У нас ажыцьцяўляюцца ўсе меры, якія вызначаныя адпаведнымі дакумэнтамі Міністэрства аховы здароўя. На гэты конт была адмысловая нарада ў Гомелі для ўсіх ВНУ, дзе былі прадстаўнікі дэканатаў, загадчыкі інтэрнатаў. Усе яны атрымалі інфармацыю, як сябе паводзіць і што рабіць».

Першую праверку замежныя студэнты праходзяць у аэрапорце, калі прылятаюць у Беларусь з Афрыкі. У абласной службе гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя тлумачаць:

«Іх там сустракаюць, аглядаюць, даюць мэдычнае заключэньне, што яны здаровымі прыбылі на тэрыторыю. Складаюцца сьпісы, і ў гэты ж дзень сьпісы перадаюць нам пра ўсіх асобаў, якія прыляцелі. А далей тут у нас усталёўваецца за імі штодзённае мэдычнае назіраньне. Штодзённа лекары ідуць туды, дзе яны жывуць, і аглядаюць».

Назіраньне вядзецца цягам трох тыдняў — гэта пэрыяд, калі можа праявіцца сьмяротная вірусная інфэкцыя. Аднак робіцца гэта ня толькі з прычыны Эболы:

«У нас ёсьць шэраг мерапрыемстваў па санітарнай ахове тэрыторый, якія ажыцьцяўляюцца па ўсёй Беларусі, у тым ліку й нашай вобласьці. Гэта комплекс мерапрыемстваў: гатовасьць лячэбнай сеткі, пропуск празь дзяржаўную мяжу, аказаньне мэдычнай дапамогі, гатовасьць санітарнай службы — цэлы шэраг мерапрыемстваў».

У гомельскім сьпісе цяпер 29 нігерыйцаў, якія маюць вучыцца ў мэдычным унівэрсытэце. Поўная лічба будзе дакладна вядомая на пачатку верасьня. Першыя пяцёра, што ўжо прыехалі ў Гомель, пакуль не выклікаюць у мэдыкаў асаблівай трывогі. Зрэшты, прыехалі яны з адносна бясьпечных раёнаў Нігерыі.

Аднак у рэгіянальнай санітарнай службе сьцьвярджаюць, што падрыхтаваныя да любых нечаканасьцяў:

«Паводле інфармацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, ачагі, дзе зарэгістраваная ліхаманка Эбола, знаходзяцца пад назіраньнем. Там уведзеныя сур’ёзныя карантынныя мерапрыемствы. Адтуль людзі не выяжджаюць. Да нас прыяжджаюць студэнты з тых рэгіёнаў, дзе не рэгістравалася гэтае захворваньне. Рызыка невялікая, але мы гатовыя прыняць неабходныя меры, калі нешта непрадбачанае здарыцца».

У гомельскіх навучальных установах набываюць адукацыю замежныя студэнты больш як з 20 краінаў сьвету.