Днямі ў сеціве зьявілася інфармацыя пра гібель каля мястэчка Яленаўка жыхаркі Барысава Натальлі Красоўскай, якая ваявала на баку сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне. На фотаздымках можна было пабачыць цела жанчыны, падобнай да той, што раней рабіла відэазвароты з Данбасу, паказваючы беларускі пашпарт. Наш карэспандэнт паспрабаваў адшукаць у Барысаве сьляды Красоўскай.
У адным зь відэаінтэрвію, датаваным канцом траўня, тады яшчэ нікому не вядомая дзяўчына ў камуфляжы досыць разьвязным тонам апавядае, што «па поклічу сэрца» змагаецца на баку сэпаратыстаў — маўляў, надакучыла спачуваць «ідэйным братам» праз інтэрнэт. Да Славянску нібыта дабіралася аўтаспынам, ніхто са знаёмых яе не суправаджаў, і ўжо 7 траўня атрымала форму і зброю. Удакладніла, што завуць яе Натальля Красоўская, жыве на вуліцы Трусава ў Барысаве, а ў якасьці пацьверджаньня прадэманстравала беларускі пашпарт. Напрыканцы перадала прывітаньне Аляксандру Лукашэнку і свайму бацьку, зь якім па вяртаньні паабяцала выпіць гарэлкі «за перамогу» — як «два мужыкі».
Пазьней бадзёрыя звароты ад беларускай «легіянэркі», якой на выгляд не нашмат болей за 20 гадоў, зьяўляліся ў сеціве ня раз. На адным з апошніх, прыкурваючы цыгарэту, яна расказвала, што даслужылася да снайпэра і «кладзе хахлоў пачкамі». На нягоды службы ў мужчынскім атачэньні ня скардзілася, называючы ўсіх сваімі «братамі».
А потым прыйшлі зьвесткі, што Красоўская забітая падчас штурму пазыцыяў сэпаратыстаў. У якасьці доказу кіраўнік МУС Украіны Антон Герашчанка нават выклаў пасьмяротны здымак у сацыяльных сетках. Праўда, удакладніў, што ніякіх дакумэнтаў пры забітых, уключна зь беларускай, не было. Дарэчы, аднойчы журналісты Красоўскую ўжо «хавалі», але высьветлілася, што яе толькі кантузіла.
Спробы знайсьці сьляды Натальлі Красоўскай у Барысаве, каб спраўдзіць факт сьмерці, аказаліся збольшага марнымі. Апытаньне жыхароў тыповага шматпавярховага дому № 40 на вуліцы Трусава — як быццам адсюль добраахвотніца выправілася на вайну — плёну не далі. Бальшыня людзей пазнавалі дзяўчыну на фатаздымку — праўда, толькі таму, што раней бачылі такую ж выяву ў інтэрнэце. Адна маладая дзяўчына кажа: даведаўшыся, як распарадзілася сваім лёсам Красоўская, у сацыяльных сетках нехта з жыльцоў пэўна б пахваліўся, што сустракаў яе каля пад’езду. А суразмоўца сярэдняга веку перакананы: дзяўчына ўвогуле не мясцовая, бо за прамінулы час хоць нешта б пра яе ўсплыло:
«Паколькі пра яе нічога не чуваць, то я не выключаю, што яна і схлусіла, калі называла нейкія адрасы. Думаю, што пра гэта можна было б даведацца ў пашпартным стале, бо ў пашпарце відаць, які там нумар. Але зразумела, што міліцыя такіх зьвестак проста ня дасьць. Так што тут не чуваць нічога, бо ў навакольных школах, наколькі я абазнаны, пра яе таксама нічога ня ведаюць. Дый моладзь, якая тут жыве, такой ня ведае. Хоць калі аднаго ўзросту і жывуць на адной тэрыторыі, у твар павінны адзін аднаго ведаць. Магчыма, яна проста аднекуль з ваколіцаў Барысава».
У так званым «пашпартным стале» афіцыйна даваць зьвесткі пра факт прапіскі Красоўскай у нейкай кватэры з гэтага дому адмовіліся, але адна з супрацоўніц картатэку ўсё ж спраўдзіла, запэўніўшы, што такой жыхаркі тут дакладна няма. У прыватнай гутарцы яна ня выключыла, што насамрэч дзяўчына магла быць з прыгараду і дзеля зручнасьці называла сябе барысаўскай.
Цотны бок вуліцы Трусава абслугоўвае сярэдняя школа № 18 — там пэўна мусяць ведаць, ці была ў іх такая вучаніца — Натальля Красоўская. Сталая жанчына на вахце пільна ўглядаецца ў здымак, але нікога на ім не пазнае. Запэўнівае, што абавязкова б узгадала, бо працуе тут ужо больш за 10 гадоў і памятае нашмат сталейшых выпускнікоў. Даведаўшыся, што дзяўчына, паводле адной з вэрсіяў, загінула за «Наваросію», робіць агульную выснову: «Няма чаго сувацца туды, куды цябе ня клічуць. Асабліва дзеўцы». Дзеля надзейнасьці сакратарка спраўдзіла базу дадзеных навучэнцаў за чатыры апошнія гады і таксама патрэбнага прозьвішча не знайшла.
У крокавай даступнасьці ад вуліцы Трусава яшчэ дзьве школы — № 20 і № 2. Супрацоўнікі першай, уважліва вывучыўшы фатаздымак, зрабілі выснову, што да іх такая школьніца не наведвалася. Дый наўрад ці магла, бо яе месца — у школе № 18. У другой таксама нічога пэўнага не сказалі, але параілі зьвярнуцца з афіцыйным запытам у вышэйшыя інстанцыі. Адзін з выкладчыкаў на пытаньне пра ўласнае стаўленьне да такіх «добраахвотнікаў» катэгарычны — маўляў, хай гэта будзе прыкладам іншым:
«Як я магу ставіцца да таго, што нехта едзе ў чужую краіну абараняць невядома якія інтарэсы? Стаўленьне цалкам адмоўнае. Вядома, нехта лічыць інакш, бо адносіны да канфлікту ўва ўсіх розныя, але я ня чуў, каб яшчэ хто з Барысава паехаў на тую вайну. Але ў размове са мной, калі мы гэта абмяркоўвалі, зусім просты чалавек сказаў — хоць забі, не разумею, навошта яна туды паехала? Бо калі сказаць папулярна, то калі чалавек едзе з мэтай кагосьці забіваць, то гэта вельмі дрэнна».
У органах міліцыі, МЗС і беларускай амбасадзе ў Кіеве факт сьмерці Натальлі Красоўскай не пацьвярджаюць і не абвяргаюць — на той падставе, што запыту наконт вяртаньня цела пакуль ніхто не падаваў.