— Як вы ацэньваеце вынікі менскай сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны і тое, што пасьля саміту сытуацыя ва Ўкраіне толькі абвастрылася?
— На жаль, менская сустрэча, на якую ўсе нармальныя людзі ўскладалі вялікія надзеі, правалілася — прынамсі, у частцы ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне. І зьвязана гэта, відавочна, з тым, што Кіеў і Масква зусім па-рознаму бачаць будучыню Ўкраіны.
Мяркуючы па ўсім, Уладзімер Пуцін, які ўвесь час паўтарае, што неабходныя перамовы паміж Данецкай Народнай Рэспублікай, Луганскай Народнай Рэспублікай і Кіевам, імкнецца сфармаваць на паўднёвым усходзе Ўкраіны дэ-факта незалежны анкляў — штосьці кшталту Прыднястроўя, арыентаваны на Маскву. Кіеў, зразумела, з гэтым катэгарычна ня можа пагадзіцца, таму што гэта працяг распаду Ўкраіны, пачаты далучэньнем да Расеі Крыму.
Пазыцыі цалкам несумяшчальныя, і таму вайна працягнулася. І кожная краіна імкнецца здабыць ваенную перамогу, каб прымусіць іншы бок да дамоўленасьцяў на сваіх умовах. Таму пакуль там працягваецца ваеннае супрацьстаяньне, і пакуль пазыцыі Кіева і Масквы застаюцца ранейшымі.
— У прынцыпе, ёсьць вельмі шмат пацьверджаньняў таго, што ва Ўкраіне ваююць прафэсійныя расейскія вайскоўцы. Пуцін і Крэмль, напэўна, гэтага не прызнаюць. Хоць прыходзяць труны з пскоўскімі дэсантнікамі... Зразумела, што ёсьць расейскія наёмнікі, але ва Ўкраіне ваююць і рэгулярныя расейскія войскі?
— Нават Пуцін гэта прызнае. Але ў такой дзіўнай форме, кшталту «Так, там ёсьць нашы вайскоўцы, але яны трапілі туды памылкова». А прэм’ер-міністар Данецкай Народнай Рэспублікі Захарчанка пайшоў яшчэ далей. Ён сказаў, што ёсьць расейская кадравыя вайскоўцы, але яны быццам бы ў адпачынках знаходзяцца і ваююць там на заклік сэрца. Але калі яны ў адпачынках і на заклік сэрца, незразумела, чаму яны суправаджаюць машыны з бранятэхнікай. Пра што гаварылі палонныя дэсантнікі з Пскова, яны ж распавялі, як усё было: іх узьнялі па трывозе, пагрузілі ў эшалёны, сказалі, што трэба суправаджаць калёну, і потым яны апынуліся ва Ўкраіне.
Тут адно з адным ня вяжацца. І ў нас у Расеі гэта цяпер выклікае вялікія пытаньні і занепакоенасьць, таму што для выкарыстаньня ўзброеных сіл за межамі краіны паводле Канстытуцыі павінна быць рашэньне Савету Фэдэрацыі. Калі расейскія вайскоўцы знаходзяцца ва Ўкраіне без рашэньня Савету Фэдэрацыі, то гэта канстытуцыйнае злачынства. І паўстае пытаньне аб расьсьледаваньні і адказнасьці тых службовых асобаў, якія аддавалі адпаведныя загады. І на якой падставе яны аддавалі гэтыя загады.
— А якое ваша бачаньне вырашэньня гэтага канфлікту, які так далёка зайшоў?
— Я ня бачу пакуль ніякага выйсьця. Паўтаруся, што пакуль Кіеў імкнецца вярнуць кантроль над Данецкам і Луганскам і пакуль Масква імкнецца перашкодзіць Кіеву, вайна будзе працягвацца.