У гэтым артыкуле – пра тое, чаму варта зьвярнуць на гэты прадукт асаблівую ўвагу і мець яго ў сваім рацыёне.
Авакада (Persea americana) таксама вядомы як груша алігатара, родам з Мэксыкі, дзе яго вырошчвалі яшчэ ў 500 г. да н.э . У 1871 годзе дрэвы авакада з Мэксыкі ўпершыню былі завезеныя ў ЗША ў Санта-Барбару, штат Каліфорнія, дзе іх пачалі масава культываваць.
Да 1950 году ў Каліфорніі налічвалася ўжо больш за 25 гатункаў авакада, на гатунак Фуэртэ прыпадала каля двух трацін камэрцыйнай вытворчасьці. У 1970-х гадах адбылося маштабнае пашырэньне прамысловасьці авакада, і гатунак Хас замяніў Фуэртэ ў якасьці вядучага спачатку ў Каліфорніі, а затым гэты гатунак стаў увогуле асноўнай глябальнай культурай. Авакада Хас сярэдняга памеру мае каля 135 г ядомага плоду з прыемнай, сьмятанна-гладкай тэкстурай, пакрытага тоўстай цёмна-зялёнай ці пурпурна-чорнай выбоістай скурай. Авакада ідуць звычайна шляхам ад фэрмы да рынку; яны не патрабуюць апрацоўкі, кансэрвантаў і ўзмацняльнікаў смаку. Натуральная скура авакада сама зьяўляецца «ўпакоўкай» і супрацьстаіць некаторым захворваньням і насякомым, што дазваляе вырошчваць авакада экалягічна ўстойлівым спосабам.
Авакада – на дзіва збалянсаваны прадукт. Ён утрымлівае практычна поўны набор вітамінаў і мінэралаў, прычым прапорцыі іх унікальныя. Калі рэгулярна есьці авакада, то шанец на недахоп амаль усіх мікраэлемэнтаў будзе вельмі нізкі.
1 авакада сярэдняга памеру (прыкладна 200 грам) утрымлівае:
• 320 калёрый
• 14 г клятчаткі (палова дзённай нормы для жанчын і траціна для мужчын)
• 45 мкг вітаміну K (55% дзённай нормы)
• 160 мг фалійнай кіслаты (40% дзённай нормы)
• 20 мг вітаміну C (33% дзённай нормы)
• 2,8 мг вітаміну B5 (28% дзённай нормы)
• 0,5 мг вітаміну В6 (25% дзённай нормы)
• 4 мг вітаміну Е (20% дзённай нормы)
• 975 мг калію (28% дзённай нормы)
• 0,4 мг медзі (19% дзённай нормы)
• 60 мг магнію (15% дзённай нормы)
• 0,3 мг марганца (14% дзённай нормы)
• 1,4 мг цынку (10% дзённай нормы)
А таксама (крыху ў меншай колькасьці): вітаміны В1, В2, В3, жалеза, фосфар.
Авакада і здароўе сэрца
Адзін плод авакада ўтрымлівае прыкладна 3,400 мг алеінавай кіслаты, што адносіцца да сямейства Амега-6. Для даведкі: сутачная норма Амега-6 тлустых кіслот – 6 грамаў для мужчын і 4 грамы для жанчын. Алеінавая кіслата паніжае «шкодны» халестэрын у крыві і тым самым спрыяе сардэчнаму здароўю. Акрамя таго, прыродныя фітастэролы і харчовыя валокны, што знаходзяцца ў авакада, могуць адыгрываць ролю агентаў, якія паніжаюць узровень халестэрыну. Авакада таксама ўтрымлівае мікраэлемэнты, якія ускосна ўплываюць на здароўе сэрца праз розныя мэханізмы. Да іх адносяцца вітамін Е (для прадухіленьня акісьленьня халестэрыну); фалійная кіслата (для зьніжэньня небясьпечнага ўзроўню гомацыстэіну ў крыві); калій (для рэгуляваньня крывянага ціску).
Рэцэпт для натхненьня: Халодны суп з авакада
Складнікі
Булён (1 л)
1 сталовая лыжка расьліннага алею
2-3 зубчыка часныку
1 цыбуліна
1 морква
2 сьцябліны салеры
1/2 ч.л. солі
Суп (4 порцыі)
1/2 л астуджанага булёну (гл. вышэй)
2 авакада, пачышчаных і нарэзаных
1 агурок, пачышчаны і нарэзаны
Соль і перац па смаку
Сальса
1/2 авакада
1/2 сьцябла салеры
1/4 агурка
8 памідораў чэры
Сьвежы базылік па смаку
Падрыхтоўка
Абсмажце на алеі ў каструлі парэзаныя часнык, цыбулю, моркву і салеру на працягу 2-3 хвілін. Дадайце ваду, давядзіце да кіпеньня і варыце на павольным агні на працягу 25 хвілін. Працадзіце.
Усе інгрэдыенты супу ўзьбіце ў блендэры, дадайце булён для атрыманьня аднароднай масы. Разьліце па талерках.
Дробна парэжце ўсе складнікі сальсы і добра перамяшайце.
Упрыгожце кожную талерку супу сталовай лыжкай сальсы.