«Гавары праўду» заявіла, што гатовая да прэзыдэнцкіх выбараў

Your browser doesn’t support HTML5

Дзьмітрыеў: Нам патрэбныя мірныя перамены

Кампанія прэзэнтавала два рэгіянальныя праекты, прымеркаваныя да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году.

Кампанія мае на ўвазе сацыяльныя праграмы і акцыі, якія «Гавары праўду» праводзіць цягам чатырох гадоў у шэрагу гарадоў Беларусі: Берасьці, Віцебску, Воршы, Магілёве, Слуцку, Мікашэвічах і іншых гарадах. У залежнасьці ад патрэбаў рэгіёнаў гэта былі зборы подпісаў, звароты ў выканаўчыя структуры ўлады і іншыя акцыі, якія мясцоваму насельніцтву дапамагалі арганізаваць актывісты кампаніі. Гэтая праца скіраваная на вырашэньне надзённых побытавых пытаньняў і праблемаў — рамонт дарог, захаваньне сацыяльных аб’ектаў, стварэньне мясцовай інфраструктуры ды іншае.

Як паведаміў адзін зь лідэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў, прэзэнтацыя «Рэгіянальных праектаў» — гэта вынік чатырохгадовай працы кампаніі «Гавары праўду» па падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў у двух кірунках: перамены на месцы і перамены ў краіне, якія ўвасобленыя ў праектах «Грамадзянская дамова» і «Народны рэфэрэндум».

«Мы разумеем, што на выбарах адзін кандыдат будзе прапаноўваць нічога не зьмяняць, пакінуць усё як ёсьць у краіне і праядаць крэдыты. Другі кандыдат будзе прапаноўваць мірныя перамены. Гэты кандыдат будзе ад «Народнага рэфэрэндуму». Таму мы кажам і паказваем — мы чатыры гады былі зь людзьмі і ведаем, што рабіць у краіне, паводле таго, што кажуць нам людзі праз апытаньне «Народнага рэфэрэндуму», — сказаў Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў.

Паводле Андрэя Дзьмітрыева, кампанія «Гавары праўду» гатовая да прэзыдэнцкіх выбараў, у тым ліку праз праект «Народны рэфэрэндум». За яго правядзеньне сабрана 50 тысяч подпісаў грамадзян, і цяпер актывісты «Гавары праўду» спрабуюць дамагчыся, каб Палата прадстаўнікоў прыняла рашэньне аб правядзеньні «Народнага рэфэрэндуму».