«Учора Расея пачала адкрытае вайсковае ўварваньне ва Ўкраіну. Наша шчырая спроба працягнуць Расеі руку міру ў Менску была сустрэтая цынічнай дурнаватай усьмешкай. У тую самую ноч мы сталі сьведкамі перасячэньня ўкраінскай мяжы калёнамі расейскіх вайсковых транспартных сродкаў і тэхнікі. „Зялёныя чалавечкі“ бяз знакаў адрозьненьня, аналягічныя тым, якіх мы бачылі ў Крыме, запаўняюць Украіну.
Украіна і Эўразьвяз павінны спыніць гэтую вайну. Мы заклікаем да правядзеньня 30 жніўня адмысловай пазачарговай сэсіі Эўразьвязу па Ўкраіне. Хопіць патураць і ўлагоджваць агрэсара! Салідарнасьць павінна стаць безумоўнай і несумнеўнай. Яна павінна матэрыялізавацца ў далейшых рашучых і сур’ёзных санкцыях і буйнамаштабнай вайсковай і тэхнічнай дапамозе Украіне дзеля таго, каб спыніць агрэсара. (...)
Напярэдадні 75-й гадавіны пачатку Другой сусьветнай вайны няздольнасьць прадухіліць новую вайну можа аказацца значна больш трагічнай і шкоднай для іміджу ЭЗ, чым няздольнасьць разьмеркаваць важнейшыя партфэлі ЭЗ паміж дзяржавамі-сябрамі» — амбасадар Елісееў напісаў у сваім камэнтары ў Фэйсбуку.
Прадстаўнік Украіны пры Эўразьвязе Канстантын Елісееў зьвярнуўся да кіраўніцтва ЭЗ з заклікам аб скліканьні 30 жніўня адмысловай сэсіі Эўрапейскай Рады, прысьвечанай сытуацыі ва Ўкраіне.