Прэзыдэнт Украіны склікае Раду бясьпекі, ён заявіў пра захоп расейскімі войскамі горада Новаазоўск Данецкай вобласьці.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што на тэрыторыі ягонай краіны знаходзяцца расейскія войскі.
У заяве, апублікаванай на сайце прэзыдэнта Ўкраіны, гаворыцца:
«Я прыняў рашэньне адмяніць працоўны візыт у Турэцкую Рэспубліку ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Данецкай вобласьці, у прыватнасьці ў Амвросіеўцы і Старабешаве, паколькі адбылося ўвядзеньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну», — заявіў прэзыдэнт Парашэнка.
Пятро Парашэнка паведаміў, што сёньня будзе склікана пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны для распрацоўкі пляну далейшых дзеяньняў.
«Сьвет павінен даць ацэнку рэзкаму абвастрэньню сытуацыі ўва Ўкраіне», — сказаў прэзыдэнт.
Паводле яго слоў, Украіна зьвернецца да сваіх эўрапейскіх партнэраў з заклікам сабраць надзвычайнае пасяджэньне Рады Эўрапейскага Зьвязу.
Новаазоўск
У Новаазоўск увайшла калёна з 30 расійскіх танкаў і 500 пяхотнікаў, — паведамляюць украінскія СМІ. Паводле іхніх дадзеных, пяхотнікаў падвезьлі на белых «Камазах», падобных да грузавікоў з гуманітарнага канвою.
Камандзір пятай роты батальёну «Данбас» Уладзімір Шылаў распавёў у эфіры 5 канала ўкраінскага тэлебачаньня:
«Цяпер горад Новаазоўск захоплены расейскімі войскамі, заблякаваны танкамі, выезд зь яго жыхарам забаронены. Назаўтра, паводле паведамленьня расійскіх вайскоўцаў, будзе праводзіцца зачыстка горада».
Байцы сіл Антытэрарыстычнай апэрацыі блякаваныя ў горадзе Ілавайску і чакаюць падмогі, — паведамляюць украінскія СМІ.
Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны пацьвердзіла, што ўкраінскія вайскоўцы мусілі пакінуць Новаазоўск у выніку наступу сіл, якія супрацьстаяць ім.
Пазыцыі ўкраінскай арміі на ўскраінах Новаазоўску былі абстраляныя з установак «Град», а затым іх атакавалі дзьвюма вайсковымі калёнамі.
У Марыюпалі, што за 40 км ад Новаазоўску (цяпер там знаходзіцца Данецкая абласная адміністрацыя), пакуль спакойна, панікі ў горадзе на фоне чутак пра напад расейскіх вайскоўцаў няма, паведаміў карэспандэнт выданьня «Новости Донбасса» Міхаіл Баган:
— Што тычыцца Марыюпаля, то, хутчэй за ўсё, на дадзены момант гэта чуткі. А што тычыцца Новаазоўску — гэты горад ня так далёка ад Марыюпаля — ёсьць зьвесткі пра атаку вайскоўцаў без апазнавальных знакаў. Ёсьць паведамленьні пра тое, што была высадка дэсанту паблізу Марыюпаля з мора з двух бакоў — з усходу і захаду.
— Некаторыя СМІ паведамляюць, што Новаазоўск ужо захоплены расейскімі войскамі. У Ілавайску сілы АТА ў аблозе. Ці што пра гэта вядома?
— Так, пра Ілавайск паведамляецца, што сілы АТА там у аблозе. Што тычыцца Новаазоўску, то ён пад няспыннымі абстрэламі. Сёньня яшчэ афіцыйных паведамленьняў не было. Былі паведамленьні, што ён ужо перайшоў пад кантроль невядомых людзей у форме. Пакуль не гаворыцца, што гэта канкрэтна — ДНР ці расейскія вайскоўцы.
— Якая абстаноўка ў Марыюпалі на фоне паведамленьняў, што, як мяркуецца, расейскія войскі або сэпаратысты ДНР знаходзяцца ўсяго за 40 км ад гораду?
— Да ўчорашняга вечара ніякай панікі ў горадзе не назіралася. Былі трывожныя настроі 25 жніўня, калі сталі зьяўляцца паведамленьні пра атаку на Новаазоўск. Але масавага выезду людзей з гораду няма. Людзі, вядома, ставяцца з трывогай, але панікі ў горадзе пакуль няма.
— А шмат украінскіх вайскоўцаў у Марыюпалі, паблізу Марыюпаля?
— Губэрнатар Данецкай вобласьці заяўляе, што вакол Марыюпаля два кальцы абароны, але тое, што мы рэальна бачым тут — непасрэдна ў Марыюпалі знаходзіцца батальён «Азоў». У самым Марыюпалі і ў бліжэйшых гарадах і пасёлках ёсьць падразьдзяленьні батальёну «Днепр», батальёну «Азоў» і батальёну «Данбас», — распавёў Уладзімір Шылаў.
Так званы «прэм’ер-міністар» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР) Аляксандар Захарчанка заявіў, што на баку сэпаратыстаў ваююць добраахвотнікі з Расеі. Сярод іх шмат кадравых вайскоўцаў, а таксама тых, хто выйшаў у запас, сказаў прэм’ер у інтэрвію «России 24».
Паводле словаў Захарчанкі, добраахвотнікаў з Расеі было каля трох-чатырох тысяч. У тым ліку тых, хто «выбраў правесьці водпуск не на пляжы, а сярод нас», — удакладніў прадстаўнік ДНР.