Украіна павінна абвесьціць ваеннае становішча і разарваць дыпляматычныя адносіны з Расейскай Фэдэрацыяй. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў дараднік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.
Трэба «ўвесьці дэ-факта ваеннае становішча без юрыдычных хітрыкаў і правесьці поўную мабілізацыю ўсіх наяўных ваенных, эканамічных і кадравых рэсурсаў для ажыцьцяўленьня дзеяньняў па выдварэньні войскаў Расеі з Украіны» — сьцьвярджае Герашчанка.
Ён таксама падкрэсьлівае, што Кіеву неабходна прасіць міжнароднай дапамогі.
Трэба «публічна зьвярнуцца да кожнай з краінаў, ад якіх мы хочам атрымаць дапамогу, з просьбай нам яе даць і такім чынам вызначыцца, з кім гэтая краіна — з Украінай, з агрэсарам, ці яе хата з краю?» — напісаў дараднік міністра ўнутраных справаў Украіны.
Паводле Герашчанкі, ваеннае становішча Вярхоўная Рада Ўкраіны павінна была ўвесьці яшчэ ў чэрвені або ліпені, таксама як і ратыфікаваць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Аднак, дадае ён, прыняць такія рашэньні ўкраінскі парлямэнт ня быў у змозе, бо там было «ўсяго толькі 160-180 патрыятычна і праўкраінску настроеных дэпутатаў». Да таго ж, лічыць Герашчанка, «Пуцін праз сваіх агентаў уплыву ў Вярхоўнай Радзе зрабіў бы ўсё, каб у галасаваньні за гэтыя два рашэньні не хапіла хаця б аднаго голасу».
27 жніўня Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. Пра гэта заявіў іншы дараднік міністра ўнутраных справаў Украіны — Зоран Шкірак. Наўпроставы ўдзел Расеі ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны пацьвярджае таксама амбасадар ЗША ва Ўкраіне Джэфры Пает. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель запатрабавала ад Расеі тлумачэньняў адносна прысутнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны.