З магіл пскоўскіх дэсантнікаў зьнялі шыльды з імёнамі

На могілках у вёсцы Выбуты пад Псковам зьнялі шыльды з імёнамі пахаваных там 25 жніўня дэсантнікаў Кічаткіна і Восіпава. Пра гэта паведамляе расейскі тэлеканал «Дождж». Паводле карэспандэнта тэлеканалу таксама з магілаў зьніклі вянкі і стужкі.

Раніцай 25 жніўня на могілках у вёсцы Выбуты каля палігону пскоўскай дэсантнай дывізіі былі пахаваныя двое дэсантнікаў: Леанід Кічаткін 1984 года нараджэньня і Аляксандар Восіпаў 1993 года нараджэньня. Дата сьмерці пазначаная як 19 і 20 жніўня гэтага года адпаведна. Прычыны іх гібелі не былі названыя. Цырымонія разьвітаньня пад аховай паліцыі адбылася ў царкве Ільлі Прарока ў Выбутах.

Раней Міністэрства абароны Расеі абвергла заявы НАТО аб магчымым удзеле вайскоўцаў пскоўскай дывізіі, часткова разьмешчаных у Растоўскай вобласьці, у «актыўных баявых дзеяньнях» ва Ўкраіне. Пры гэтым шэраг украінскіх СМІ 21 жніўня заявілі аб тым, што расейскія дэсантнікі маглі загінуць у зоне правядзеньня ўкраінскімі сіламі антытэрарыстычнай апэрацыі.

26 жніўня невядомыя напалі на расейскіх журналістаў, якія прыехалі на могілкі у вёсцы Выбуты пад Псковам, дзе напярэдадні былі пахаваныя дэсантнікі пскоўскай дывізіі.