Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла, што ва Ўкраіне былі затрыманыя расейскія вайскоўцы. Праўда, у расейскім абаронным ведамстве кажуць, што мяжу з суседняй дзяржавай яны перасеклі выпадкова пры патруляваньні.
Між тым, у Расеі ва ўмовах строгай сакрэтнасьці хаваюць загінулых вайскоўцаў, а іх сваякоў старанна агароджваюць ад зносінаў з прэсай і грамадзкасьцю.
Некалькі дзён таму ўкраінскія журналісты выклалі фатаграфіі дакумэнтаў, якія даказваюць прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны. Сярод знаходак было пасьведчаньне кіроўцы на імя Ільлі Максімава. Цяпер, на прэс-канфэрэнцыі ў Саратаве, маці салдата Любоў Максімава папрасіла прабачэньня ў грамадзян Украіны.
«Ён не па сваёй волі прыйшоў ва Ўкраіну. Чалавек вайсковы, жыве паводле статуту. Усё зрабіў так, як сказала непасрэднае кіраўніцтва. Паважаная Ўкраіна, калі ён у вас, то я гатовая прыехаць і яго забраць. Прабачце! І яго прабачце, і мяне прабачце! » — сказала маці вайскоўца.
Таемныя пахаваньні
Напярэдадні стала вядома пра закрытыя пахаваньні пад Псковам некалькіх байцоў супрацьпаветраных дэсантных войскаў. Верагодна расейскія вайскоўцы маглі быць забітыя пад Луганскам. У Выбутах, што ў 15 кілямэтрах ад Пскова, 25 жніўня пахавалі дэсантніка Леаніда Кічаткіна.
Дэпутат Пскоўскага абласнога сходу Леў Шлосбэрг, які прыехаў напярэдадні ў Выбуты, сказаў, што, нягледзячы на месца дысьлякацыі 76-й дывізіі ПДВ у Пскоўскай вобласьці, пра маштабы стратаў казаць складана, паколькі хаваюць загінулых на іх радзіме.
«Мне даводзілася мець зносіны з афіцэрамі нашай дывізіі ў розных сытуацыях. І асобы, якіх я пабачыў учора на пахаваньні, гэта людзі, якія знаходзяцца ў вельмі глыбокім стрэсе. Думаю, што справа была ня толькі ва учорашнім пахаваньні. Я ўпэўнены, гэта вайсковыя людзі, яны маюць інфармацыю пра маштаб стратаў. Гэты маштаб, відавочна, велізарны », — мяркуе Шлосбэрг.
26 жніўня невядомыя напалі на расейскіх журналістаў, якія прыехалі на могілкі у вёсцы Выбуты пад Псковам, дзе напярэдадні былі пахаваныя дэсантнікі пскоўскай дывізіі.
Хлусьня і факты
Прыкладна ў тыя ж дні, калі стала вядома пра гібель пскоўскіх дэсантнікаў, з крыніцаў, якім можна давяраць, паступіла інфармацыя пра тое, што ў Мэдыцынскую акадэмію Санкт-Пецярбурга з Растоўскай вобласьці даставілі незвычайна вялікую колькасьць параненых расейскіх вайскоўцаў. Аднак, гэтак жа, як і ў іншых выпадках, інфармацыя пра гэта старанна хаваецца, а запалоханых сваякоў салдат адмежавалі ад зносінаў з СМІ. На думку Льва Шлосбэрга, гэта зьяўляецца яшчэ адным пацьвярджэньнем незаконнасьці знаходжаньня расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны, паколькі ў самой Расеі ваенныя дзеяньні цяпер не вядуцца.
«Цяпер мы бачым зусім выразную, жорсткую, ультыматыўную ўстаноўку на ўтойваньне факта гібелі гэтых людзей, месца і часу пахаваньня, абставінаў іх гібелі. Родных цалкам адсякаюць ад грамадзтва, ад прэсы, ад каго б там ні было. Відавочна, што ёсьць каманда хаваць усё. Але менавіта вось гэта жаданьне ўсё схаваць, нікуды нікога не дапусьціць, гэта ўсё падкрэсьлівае несумленнасьць, незаконнасьць і абсалютную нялюдзкасьць гэтых дзеяньняў ва ўсіх сэнсах», — адзначыў Шлосбэрг.
Расея неаднаразова адмаўляла, што ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Ўкраіны прымаюць удзел яе вайсковыя падразьдзяленьні. Аднак падзеі і факты апошніх дзён даказваюць адваротнае.
21 жніўня ўкраінскія журналісты выклалі ў інтэрнэт ускосныя доказы прысутнасьці пскоўскіх дэсантнікаў у Луганскай вобласьці — на апублікаваных здымках відаць дакумэнты з імёнамі байцоў, зброя, дэсантныя бэрэты.
«У раёне Лутугіна нашы захапілі БМД-2, бартавы нумар 275, са складу 1-й парашутна-дэсантнай роты в/ч 74268, Пскоўскай паветранай дывізіі, камандзір узвода старшы лейтэнант Папоў. У машыне ўся дакумэнтацыя: часопіс нарадаў, вячэрняй паверкі, часопіс звальняльных. Расейскія сухія пайкі выпуску сакавіка гэтага году. Экіпаж... ну, скажам, згубіўся па дарозе», — напісаў журналіст Леанід Швец.
Затрыманыя на Данбасе дэсантнікі Расеі: нам хлусяць пра навучаньне
Украінскія сілавікі затрымалі 25 жніўня каля Дзэркальнага на Данеччыне 10 расейскіх дэсантнікаў.
«Сумесная апэратыўная група Узброеных сіл Украіны і СБУ затрымала дзесяць вайскоўцаў 331 палка 98 Сьвірскай дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі (в\ч 71211). Расейскія вайскоўцы затрыманыя з асабістымі дакумэнтамі і зброяй. Яны далі паказаньні, што батальён дэсантнікаў 23 жніўня быў перадысьлякаваны чыгуначным транспартам у Растоўскую вобласьць РФ, а каля 3 гадзінаў ночы 24 жніўня падразьдзяленьне было узьнятае па трывозе і атрымала загад ажыцьцявіць марш у складзе калёны зь некалькіх дзясяткаў БМД », — паведамілі ў Службе бясьпекі Ўкраіны.
Паводле словаў расейскіх дэсантнікаў, яны атрымалі загад чыгункай прыбыць для вучэньняў у раён Растова-на-Доне. У месцы разгрузкі эшалёна ім загадалі зафарбаваць белым колерам нумары баявых машынаў, патлумачыўшы гэта неабходнасьцю адрозьніваць падчас вучэньняў розныя падразьдзяленьні.
Пасьля марш-кідка даўжынёй у некалькі кілямэтраў гэтыя вайскоўцы апынуліся на тэрыторыі Ўкраіны, дзе іх сустрэў агонь Узброеных сіл Украіны.