Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што сукупная шкода расейскай эканоміцы ад рэалізацыі пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ можа скласьці больш за 100 млрд расейскіх рублёў.
«Пад ударам апынуцца цэлыя сэктары нашай прамысловасьці і АПК. Страты будуць таксама ў Беларусі і Казахстану», — адзначыў Пуцін, выступаючы ў Менску на сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстану, Расеі, Украіны і высокіх прадстаўнікоў ЭЗ.
Паводле Пуціна, з-за абнуленьня Ўкраінай мыта на імпарт з ЭЗ адбудзецца значны рост паставак эўрапейскіх тавараў на ўкраінскі рынак. Гаворка ідзе пра 98% таварнай намэнклятуры.
«Менш канкурэнтаздольная ўкраінская прадукцыя будзе выцясьняцца на рынак Мытнага саюзу, у большай ступені на расейскі рынак. Нельга скідаць з рахункаў таксама рызыку супрацьзаконнага рээкспарту на агульны рынак Мытнага саюзу прадукцыі краін ЭЗ пад выглядам украінскіх тавараў. Расея ў гэтай сытуацыі ня можа бязьдзейнічаць», — цытуе БелТА Пуціна.
Мы можам дамовіцца пра стварэньне маніторынгавай групы, якая будзе маніторыць рэальную, а не гіпатэтычна магчымую шкоду
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Менску прапанаваў дамовіцца пра стварэньне адмысловай групы, якая будзе маніторыць рэальную шкоду для Мытнага саюзу ад асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ, перадае ИТАР-ТАСС.
«Сёньня мы можам дамовіцца пра стварэньне маніторынгавай групы, якая будзе маніторыць рэальную, а не гіпатэтычна магчымую шкоду. І пасьля таго як гэтая шкода будзе зафіксаваная, пагаварыць пра мэханізмы кампэнсацыі альбо абароны», — заявіў Парашэнка.
Таксама Парашэнка прапанаваў пачаць дыялёг пра пераход да сыстэмы ўзаемнага прызнаньня сэртыфікатаў, узаемнага прызнаньня заключэньня лябараторыяў для вырашэньня фітасанітарных праблемаў.
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, гандлёвы абарот з Мытным саюзам упаў на 30%, што «зьяўляецца нявыгадным як для Ўкраіны, так і для нашых партнэраў з МС». Ён лічыць, што «ні ў якім разе нельга дапусьціць далейшага пагаршэньня ўмоваў гандлю».
Таксама Парашэнка запрасіў ЭЗ і Мытны саюз узяць удзел у канфэрэнцыі донараў Украіны, якая адбудзецца ўвосень. Гаворка на ёй пойдзе пра «постканфліктнае разьвіцьцё Данбасу».