Менскі палітоляг Аляксей Кароль лічыць, што чарговыя ваенныя правакацыі ва Ўкраіне, якія інсьпіруюцца Крамлём, сталі магчымымі дзякуючы адсутнасьці рэзкай рэакцыі на расейскую агрэсію з Эўропы.
Таксама экспэрт выказаў меркаваньне, што сустрэча расейскага і ўкраінскага прэзыдэнтаў у Менску ня будзе мець вынікаў, бо Пуцін мае намер гаварыць з пазыцыі сілы:
«Ніякіх вынікаў перамовы не дадуць. Сьвядомае абвастрэньне сытуацыі з праходжаньнем калёны ў бок Марыюпаля гэта толькі пацьвярджае. Зыходзячы з усяго альгарытму дзеяньняў Уладзімера Пуціна, перамовы ні мірам, ні замірэньнем не завершацца. Пуцін едзе на іх, бо ня змог прыгожа адмовіцца ад сустрэчы. І ён паспрабуе выкарыстаць перамовы для сьцьвярджэньня сваёй сілавой перавагі на фоне таго, што Эўропа рэагуе пакуль што дастаткова мякка на яго дзеяньні. У яго ўвогуле ёсьць упэўненасьць, што Эўропа ўжо і ня зможа адрэагаваць рэзка, што дасьць яму магчымасьць дасягнуць сваёй мэты. А стратэгічная мэта Пуціна — кантроль над Украінай, яе падпарадкаваньне, калі не скарэньне.
Гэты наступ напярэдадні перамоваў у Менску — такое пасланьне сьвету, у якім гаворыцца, што Пуцін не адступіць, хай усе прызнаюць яго гегемонію. І калі ўжо праводзіць перамовы, то пад сваім ультыматумам».