Канцлер ФРГ Ангела Мэркель разьлічвае на посьпех перамоваў па Ўкраіне, якія заплянаваныя на 26 жніўня ў Менску.
Пра гэта канцлер Нямеччыны заявіла ў Кіеве па выніках перамоваў з украінскім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам.
«Я зраблю ўсялякую падтрымку, калі ў Менску будуць размаўляць адзін з адным і спрабаваць усё ж зрабіць крок наперад», — сказала Мэркель, словы якой прыводзіць сайт нямецкага ўрада.
Канцлер адзначыла, што камбінацыя з «кантактнай групы і прамых перамоваў прэзыдэнтаў» можа «даць шанец дамагчыся прагрэсу».
«У любым выпадку Эўропа і ФРГ разам з украінскім прэзыдэнтам і ўрадам распачнуць усе магчымае, каб знайсьці дыпляматычнае рашэньне драмы многіх і многіх людзей, у тым ліку загінулых, але, зразумела, рашэньне, прымальнае для ўсіх бакоў і ў аснове якога будзе ляжаць гарантыя тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны », — падкрэсьліла Мэркель.
Паводле Пятра Парашэнкі, Украіна і ЭЗ дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас менскай сустрэчы:
«Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя Эўразьвязу разам з Украінай прыме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазытыўны вынік», — сказаў Пятро Парашэнка.
У Менску 26 жніўня адбудзецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — Эўразьвяз — Украіна. У ёй возьмуць удзел лідэры краін «мытнай тройкі», прэзыдэнт Украіны, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях бясьпекі і зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан, адказны за энэргетыку віцэ-старшыня Эўракамісіі Гюнтэр Этынгер і камісар па гандлі Карэл дэ Гухт.