Менская сустрэча, калі яна і адбудзецца, не наблізіць канец вайны — экспэрт

Уладзімер Пуцін і Пятро Парашэнка

У Менску 26 жніўня мае адбыцца сустрэча на высокім роўні ў фармаце Ўкраіна — Эўрапейскі Зьвяз — Мытны саюз. Аднак паводзіны расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў апошнія дні даюць падставу некаторым палітыкам і палітолягам паставіць пад сумнеў магчымасьць такой сустрэчы.

У беларускай сталіцы афіцыйныя чыноўнікі не камэнтуюць сытуацыю. Але дагэтуль невядома нават, дзе пройдзе сустрэча — ва ўрадавай рэзыдэнцыі «Заслаўль», як гэта было раней на падобных мерапрыемствах, альбо дзесьці ў іншым месцы.

Доктар паліталягічных навук Павал Вусаў таксама ня ўпэўнены, што менская сустрэча адбудзецца ў аб’яўлены раней час. "Але калі яна і пройдзе 26 жніўня, то чакаць, што гэта сустрэча наблізіць канец вайны ва Ўкраіне, не выглядае праўдападобна«,— гаворыць экспэрт:

Павал Вусаў

«Як мы бачым па апошніх падзеях, Расея інтэнсіўна ўмешваецца ў канфлікт. Яна не робіць ніякіх рэальных крокаў, каб завершыць гэты канфлікт.

Па-другое, магчыма, што менскай сустрэчы наагул ня будзе, калі сытуацыя яшчэ больш пагоршыцца.

І трэці момант — ніводная з папярэдніх сустрэч нават не стварыла ўмоваў дзеля таго, каб гэты канфлікт быў вырашаны. Мы бачым, што Расея спрабуе ўсялякімі спосабамі падоўжыць яго. І калі не перамагчы ў гэтай вайне, то хоць бы нанесьці максымальныя страты — людзкія і матэрыяльныя — Ўкраіне. І зрабіць так, каб Данбас застаўся на доўгі час вялікай ранай для Ўкраіны».

Сёньня стала вядома, што канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сустрэлася ў Кіеве з украінскім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. Яна паабяцала гуманітарную дапамогу ў памеры 500 мільёнаў эўра на аднаўленьне Данбасу.

Канечне, гэта добрая справа, — кажа Павал Вусаў. — Аднак спыніць расейскую агрэсію такім чынам немагчыма. Тут патрэбныя толькі жорсткія крокі:

«Гэта — матэрыяльная, тэхнічная і нават вайсковая дапамога Ўкраіне. Гэта пакажа, што ёсьць агульная падтрымка Ўкраіне ў яе барацьбе з расейскім сэпаратыстамі.

Другое — гэта пашырэньне санкцыяў супраць Крамля, працяг эканамічнага ціску на Расею.

І трэці момант — увядзеньне абмежаванага вайсковага кантынгенту (НАТО альбо ААН) на тэрыторыю Ўкраіны. І такім чынам пры дапамозе сілы прымусіць Расею скончыць гэтую вайну».

Ці зьбіраецца беларуская апазыцыя нейкім чынам рэагаваць на магчымае правядзеньне ў Менску сустрэчы па Ўкраіне? Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць Свабодзе, што партыя падрыхтавала праект спэцыяльнай заявы з гэтай нагоды. Сутнасьць дакумэнту такая:

Анатоль Лябедзька

«Салідарнасьць з Украінай, жаданьне бачыць там мір, гэта справа ня толькі Ўкраіны, а і пэрспэктывы далейшага разьвіцьця на постсавецкай прасторы».

Спадар Лябедзька сказаў, што раніцай 25 жніўня адбудзецца сустрэча лідэраў дэмакратычнай кааліцыі Беларусі. На ёй АГП прапануе ім далучыцца да заявы.