Без удзелу ЗША менскую сустрэчу паўнавартаснай не назавеш — экспэрт

Раман Якаўлеўскі

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сказаў Свабодзе, што адсутнасьць прадстаўніка Злучаных Штатаў Амэрыкі нэгатыўна адаб’ецца на сустрэчы ў Менску 26 жніўня:

«Калі Лукашэнка першы раз казаў аб менскай сустрэчы, то тады ў ліку яе магчымых удзельнікаў фігуравалі і Злучаныя Штаты. Але пазьней стала вядома, што прадстаўніка ЗША ў Менску ўжо не чакаюць, яго не будзе.

Але ж усе прызнаюць вялікі ўплыў ЗША на цяперашняе кіраўніцтва Ўкраіны. Таму адсутнасьць прадстаўніка Амэрыкі надае мне яшчэ больш пэсымізму на адносна вынікаў менскай сустрэчы.

Не дадае мне аптымізму і сёньняшняя заява спадара Чалага — намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны. Ён сказаў, што Ўкраіна ня пойдзе на тое, каб канфлікт у краіне ператварыўся ў сьпячы, тлеючы. Я ад сябе дадам, як, напрыклад, у Прыднястроўі.

На маю думку, ва ўкраінскай сытуацыі больш будзе вырашацца заўтра, калі спадарыня Мэркель наведае Кіеў. Гэта дэманстратыўны візыт у падтрымку Парашэнкі. А што тычыцца беларускай пляцоўкі да кантактаў, то гэта добрая магчымасьць для Пуціна цягнуць час».