Судовая калегія Менскага гарадзкога суду не задаволіла касацыйную скаргу грамадзкай арганізацыі «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты» на рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску.
Суд Цэнтральнага раёну не задаволіў пазоў арганізацыі да генпракуратуры. Актывісты дамагаліся, каб суд абавязаў генпракуратуру прыняць меры для выкананьня яе пастановы, якая вымагае ад забудоўнікаў забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» зьнесці чатыры дамы, узьведзеныя ў ахоўнай зоне мэмарыяльнага комплексу «Курапаты».
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Іван Майсейчык адмовіў у задавальненьні пазову 27 чэрвеня 2014 году.
Актывісты «Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты» зьвярнуліся ў Менскі гарсуд з просьбай адмяніць рашэньне і накіраваць справу на новы разгляд.
Падчас папярэдняга паседжаньня 7 жніўня, калегія Менскага гарсуду выслухала аргумэнты заяўнікаў, сярод якіх вядомыя грамадзкія актывісты Марат Гаравы, Гары Паганяйла і іншыя. Яны дакумэнтальна падцьвердзілі, што генпракуратура не прыняла захадаў дзеля выкананьня сваіх жа патрабаваньняў — зносу будынкаў «Бульбаш-холу» ў ахоўнай зоне мэмарыялу.
Суд адклаў разгляд да 21 жніўня, каб выслухаць прадстаўнікоў Менскага аблвыканкаму, Міністэрства культуры і іншых арганізацый, якія на паседжаньне не зьявіліся.
Падчас судовага слуханьня 21 жніўня, прадстаўнікі Менаблвыканкаму і Мінкульту прызналі факт незаконнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне мэмарыялу «Курапаты». Яны ня здолелі патлумачыць чаму дамы не былі зьнесеныя, а вінаватыя ў незаконных дзеяньнях не былі пакараныя. Аднак калегія Менскага гарсуду адмовіла заяўнікам у задавальненьні касацыйнай скаргі. Адзін з заяўнікаў Марат Гаравы рашэньне Менгарсуду пракамэнтаваў гэтак:
«Дзяржава ў асобе Менскага гарсуду прадэманстравала, што не зьбіраецца бараніць Курапаты. Пры нашай паўнавартаснай аргумэнтацыі, суд зьвёў справу ў працэдурныя пытаньні. Гэта сьведчыць пра жаданьне зьнішчыць ахоўныя зоны і самі Курапаты. Гэта таксама сьведчыць, што права на правасудзьдзе мы не маем».
Праваабаронца і юрыст Гары Паганяйла назваў гэтае рашэньне незаконным, безпадстаўным і палітычна матываваным:
«Гэткім чынам тэрыторыю ахоўнай зоны Курапатаў будуць сьціскаць да такой ступені, што да яе можна будзе дабрацца толькі на верталёце. Улада разумее, што гэта сымбаль усіх беларусаў, якія маюць гонар і годнасьць, што гэта сьцяг апазыцыі. Там ляжаць нашы продкі, расстраляныя той таталітарнай сыстэмай, якая працягваецца і цяпер, а таму чакаць законнага рашэньня ў гэтых умовах немагчыма».
Заяўнікі кажуць, што не будуць абскарджваць гэта рашэньне ў вышэйшых інстанцыях, але ў абарону мэмарыялу рыхтуюць новы пазоў да Міністэрства культуры і іншых дзяржструктур.