Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка лічыць магчымым павысіць у краіне стаўку падаходнага падатку да 13%.
Атрыманыя ў выніку дадатковыя сродкі ён мяркуе накіраваць на дзяржпадтрымку сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба па выніках нарады па фармаваньні новага мэханізму дзяржпадтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
«Не разумею, хто тут можа абурацца: гэта ж для твайго дзіцяці! Але калі ў цябе адно — прабач. Хто хоча нешта ад гэтага адсотка атрымаць, хай траіх нараджае», — сказаў Лукашэнка.
Цяпер для фізычных асобаў прымяняецца адзіная стаўка падаходнага падатку 12%, а для індывідуальных прадпрымальнікаў — 15%.
Эканаміст Леў Марголін ня лічыць падвышэньне падатку вялікай нечаканасьцю: «Праблемы зь бюджэтам ні для кога не сакрэт. Таму шукаюць выйсьця, каб больш напоўніць бюджэт У гэтым шэрагу і плянаванае падвышэньне падатку на дададзеную вартасьць, і адтэрміноўка вяртаньня падатку, які сплачаны пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі тавараў. Ня лішнім тут будзе і падвысіць падаходны падатак. Будуць, відаць, і нейкія іншыя ініцыятывы, бо зь бюджэтам справы пакуль дрэнныя», — сказаў Марголін Свабодзе.