Расея можа застацца без McDonald’s

«Расспажыўнагляд» прыпыніў працу чатырох рэстаранаў McDonald’s у Маскве. Кантралёры спасылаюцца на масавыя парушэньні санітарнага заканадаўства і абяцаюць працягнуць праверкі McDonald’s. Ня выключана, што праверкі ўстаноў пройдуць па ўсёй краіне.

20 жніўня ўпраўленьне «Расспажыўнагляду» па Маскве апячатала чатыры ўстановы McDonald’s ў сталіцы. Ведамства спаслалася на тое, што па выніках кантрольна-наглядных мерапрыемстваў у гэтых пунктах грамадзкага харчаваньня выяўленыя шматлікія парушэньні нормаў санітарнага заканадаўства.

Чыноўнікі не дэталізуюць прэтэнзіі да McDonald’s. Распачатыя справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, матэрыялы рыхтуюцца для перадачы ў суд, які і вызначыць тэрмін дзеяньня забароны на працу рэстаранаў (максымум 90 дзён).

Сталічнае ўпраўленьне «Расспажыўнагляду» абяцае працягнуць праверкі ўстановаў амэрыканскай сеткі: у сталіцы налічваецца 160 рэстаранаў McDonald’s — гэта больш за траціну ўсіх установаў сеткі, што працуюць у Расеі.

У расійскім офісе McDonald’s паведамілі, што вывучаюць сутнасьць прэтэнзій, каб вызначыць дзеяньні для хутчэйшага адкрыцьця рэстаранаў.

Ня выключана, што праверкі рэсстаранаў McDonald’s пройдуць па ўсёй краіне. Месяц таму кіраўнік «Расспажыўнагляду» Ганна Папова заявіла, што ў ведамства «зьявіліся прэтэнзіі па якасьці і бясьпекі прадукцыі ўсёй сеткі». Больш за тое, як паведаміў учора адзін з фэдэральных чыноўнікаў, бягучыя праверкі McDonald’s ідуць паводле даручэньня ўраду краіны. «Таму рэстараны адразу ж зачынілі, хоць пры плянавых праверках спачатку выдаецца загад аб скасаваньні парушэньняў», — растлумачыў чыноўнік.