У Менску пройдуць перамовы Ўкраіны і Расеі. Эўразьвяз — пасярэднік

Пятро Парашэнка, архіўнае фота

26 жніўня ў Менску адбудзецца сустрэча ў фармаце Ўкраіна — Эўразьвяз — «Эўразійская тройка» (Беларусь, Казахстан, Расея).

Пытаньні, якія будуць абмяркоўвацца, зьвязаныя з выкананьнем Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, энэргетычнай бясьпекай і стабілізацыяй становішча на Данбасе.

18 і 19 жніўня адбыліся тэлефонныя кансультацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з прэзыдэнтам Эўрапейскай камісіі Жазэ-Мануэлем Барозу.

Прэзыдэнт Эўракамісіі падтрымаў ініцыятыву прэзыдэнта Ўкраіны аб запрашэньні Эўразьвязу для ўдзелу ў сустрэчы высокага ўзроўню.

Пятро Парашэнка падзякаваў Жазэ-Мануэлю Барозу за гатоўнасьць накіраваць адначасова трох сяброў Эўракамісіі (Высокага прадстаўніка ЭЗ па пытаньнях бясьпекі і зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан, віцэ-прэзыдэнта Эўракамісіі — Камісара па пытаньнях энэргетыкі Гюнтэра Отынгера і Камісара па пытаньнях гандлю Карла дэ Гухта).

Як адзначыў украінскі прэзыдэнт, такі беспрэцэдэнтны крок — пацьвярджэньне салідарнасьці і падтрымкі Ўкраіны з боку ЭЗ, паведамляе ягоная прэс-служба.

Суразмоўцы таксама абмеркавалі пытаньне наданьня Ўкраіне трэцяй хвалі макрафінансавай дапамогі ЭЗ.

Пятро Парашэнка праінфармаваў Жазэ-Мануэля Барозу пра разьвіцьцё сытуацыі на Данбасе і трывалыя правакацыі Расеі, накіраваныя на абвастрэньне сытуацыі ў сфэры бясьпекі ў рэгіёне. Ён праінфармаваў пра абстрэл тэрарыстамі арганізаванай калёны мірных грамадзян, якая пакідала Луганск пад белым сьцягам.

Прэзыдэнт Эўракамісіі асудзіў гэтае жахлівае злачынства тэрарыстаў і заклікаў да неадкладнага аб’ектыўнага расьсьледаваньня трагедыі. Ён адзначыў, што неабходна забясьпечыць абарону жыцьця мірнага насельніцтва. Прэзыдэнт Украіны паведаміў пра пачатак расьсьледаваньня акалічнасьцяў гэтага злачынства.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці прыедуць у Менск прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык адказаў так:

«На дадзены момант я магу толькі пацьвердзіць, што беларускі бок зыходзіць з таго, што такая сустрэча адбудзецца. А што тычыцца больш падрабязнай інфармацыі, то неўзабаве чакаецца афіцыйнае паведамленьне беларускага боку».