Члены ГКЧП (расшыфроўваецца як «государственный комитет по чрезвычайнму положению») заявілі пра немагчымасьць Гарбачова выконваць абавязкі прэзыдэнта СССР паводле стану здароўя і пра навядзеньне парадку.
Было і шмат іншых словаў, але галоўнае было — захаваньне СССР як імпэрыі і камуністычнай партыі як манапаліста ўлады. Гарбачоў зь ягонай ідэяй «абноўленага саюзу» ўжо не задавальняў кіраўніцтва КДБ і ваенна-прамысловага комплексу. Генэралы ў пагонах і ў цывільным праглі аднаўленьня імпэрыі ў «сталінскім» варыянце і сталінскімі мэтадамі. Таму ў Маскву былі ўведзеныя танкі, а ў Менск на чыгуначную станцыю падагнаныя восем закратаваных вагонаў (ім здавалася, што восем хопіць на ўсіх).
У палітыцы інструмэнт — гэта слова. Важныя таксама — уменьне сфармуляваць, талент дамаўляцца, здольнасьць пераканаць. Праграмы, заявы, дэклярацыі, законапраекты — гэтага нязьменнага, традыцыйнага прадукту палітычнай дзейнасьці у краінах устойлівай дэмакратыі зусім дастаткова.
Але ў час, калі лёс нацыі апынаецца пад пагрозай — тады можа спатрэбіцца дзеяньне фізычнае. І тады некалькі дзесяткаў людзей могуць пераламіць хаду гісторыі (нядаўні прыклад — рашучасьць некалькіх сотняў людзей на кіеўскім Майдане 22-23 лютага).
І калі слушна, што шлях грамадзтва вызначае актыўная меншасьць, дык у экстрэмальных сытуацыях ягоны лёс можа вызначыць дзеяньне зусім невялікай групы асобаў. Прычым — не абавязкова з крывёю.
Калі казаць пра жнівеньскі путч 91-га, дык пераломным момантам была ноч з 20 на 21 жніўня ў Маскве — тады некалькі дзесяткаў тысяч чалавек атачылі «Белы дом», дзе знаходзіўся Ельцын з паплечнікамі, і менавіта гэта ўратавала расейскае кіраўніцтва: «Альфа» адмовілася ісьці на штурм, ацаніўшы патэнцыйную колькасьць ахвяраў мінімальна ў 3-5 тысяч.
У Маскве вырашаўся лёс дэмакратыі, а ў Менску — лёс беларускай Незалежнасьці.
На заклік дэпутатаў БНФ у першы дзень путчу ў Менску на плошчу выйшла мо дзьве сотні чалавек, але з кожным наступным днём людзей большала, 21 жніўня іх было ўжо некалькі тысяч. Яны прыходзілі да Дому ўраду, а ў самім Вярхоўным Савеце дэпутаты-фронтаўцы працягвалі патрабаваць склікаць нечарговую сэсію.
У выніку, на 24 жніўня на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыя БНФ (далучыліся і іншыя дэпутаты — усяго мы сабралі 84 подпісы) была склікана надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савету, якая на наступны дзень, 25 жніўня, абвясьціла незалежнасьць Беларусі.
Падкрэсьлю: склікаць сэсію нам удалося толькі праз ціск на членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета, выяўляючы рашучасьць — і ў сьценах Дому ўраду, і на плошчы. Не было б гэтага ціску — не было б і сэсіі. Адпаведна, і Незалежнасьці не было б — у той час.
Але і сэсія сама па сабе яшчэ нічога не гарантавала: Прэзыдыюм (ад яго імя выступаў Станіслаў Шушкевіч) прапанаваў у парадак дня толькі два пытаньні — «Аб цякучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы»; наш пакет законапраектаў аб Незалежнасьці (іх было больш за дваццаць) быў адкінуты.
Вось вынікі галасаваньня: за павестку дня Прэзыдыюму — 210 дэпутатаў.
За прапанову надаць Дэклярацыі аб незалежнасьці статус канстытуцыйнай сілы, якую выносіў Пазьняк, — 161 голас. Для прыняцьця рашэньня трэба было 174.
Усе наступныя гадзіны сэсіі — ціск дэпутатаў БНФ, прамовы і з трыбуны, і ад мікрафонаў. Тое ж і з раніцы 25 жніўня. Камуністы выкручваюцца, заяўляюць, што не падтрымлівалі ГКЧП — мы з фактамі ловім іх на хлусьні. Зьвяртаемся да менчукоў (мы дамагліся прамой радыётрансьляцыі) з заклікам прыйсьці да Дому ўраду — там з раніцы было некалькі тысяч «фронтаўцаў». І людзі ўсё падыходзяць.
І вось тут адбыўся пераломны момант.
Да трыбуны пайшоў першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, на той момант рэальны кіраўнік рэспублікі і адзін з найбольш адыёзных членаў Палітбюро ЦК КПСС, які патрабаваў увядзеньня надзвычайнага становішча і энэргічна падтрымаў ГКЧП. Малафееў ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але як народны дэпутат СССР меў права ўдзелу ў сэсіі. Меў права і на выступ — у парадку чаргі. Але, выглядала, свае правы ён успрымаў як магчымасьць беспадзельна валадарыць і ў Беларусі, і ў гэтай залі — ён, уздымаючыся з крэсла, зрабіў жэст у бок Дземяньцея (гэтак дырыжор падае сыгнал даўно зладжанаму аркестру) — і старшыня ВС з разуменьнем заківаў галавой: так, так, калі ласка, на трыбуну.
Далейшае адбылося спантанна. Мы паўскоквалі са сваіх месцаў і пабеглі да трыбуны — Галіна Сямдзянава, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Мікола Крыжаноўскі, Віктар Ганчар, Іван Герасюк, Алесь Шут, Павал Холад, Яўген Глушкевіч, Сяргей Папкоў... (Мітусіўся Лукашэнка і ўгаворваў нас спыніцца — яго ня слухалі, на відэа гэта добра бачна). «Пайшоў вон!», «На месца!», «Бандыт!» — мы па-просту выштурхнулі Малафеева з трыбуны.
Your browser doesn’t support HTML5
Дэпутатаў-камуністаў, сакратароў абкамаў і райкамаў, старшынь і намесьнікаў рай- і аблвыканкамаў, генэралаў і палкоўнікаў, старшыняў калгасаў гэта прывяло у стан здраньцьвеньня. Усемагутнага першага сакратара ЦК, які дзесяцігодзьдзямі ўспрымаўся намесьнікам Бога на зямлі (а яны яшчэ памяталі Сьлюнькова, Машэрава, некаторыя і Мазурава) — сагналі, выкінулі, як школьніка-недарэку. Сьвет, які складаўся дзесяцігодзьдзямі, абрынаўся — у іх галовах.
Дземяньцей папрасіў абвясьціць перапынак, у перапынку раіўся з членамі Прэзыдыюму: «Што рабіць?», і, калі праца сэсіі аднавілася, заявіў пра адстаўку. Людзі на плошчы сустрэлі гэта магутнымі воклічамі, якія, здавалася, даходзілі ў Авальную залю.
Камуністы былі псыхалягічна надломленыя і пачалі здаваць свае «бастыёны» адзін за другім. Вярнуліся да нашай прапановы аб Незалежнасьці. Тады і прагучала зусім нечаканая для парлямэнцкай большасьці прамова Пазьняка, у якой лідэру БНФ удалося закрануць нейкія глыбінныя пачуцьці. Гэта канчаткова павярнула сытуацыю — з прапановай «падтрымаць Пазьняка» выступілі Кебіч і кіраўнікі вобласьцяў. І — у 20 гадзін 12 хвілінаў за Незалежнасьць галасуюць 256 дэпутатаў, добрая палова зь якіх за некалькі дзён да гэтага, 19 жніўня, пацірала рукі і гатовая была расправіцца з усімі, хто не падзяляў радасьці ад абяцанай ГКЧП пэрспэктывы ўмацаваць імпэрыю ды «навесьці парадак».
25 жніўня 1991 году зьдзейсьнілася мэта пакаленьняў беларусаў — іх Бацькаўшчына зрабілася незалежнай краінай. Прызнацца, спачатку я быў напісаў «ажыцьцявілася мара», і такая фармулёўка слушная, але — ня поўная. Бо можна мроіць і чакаць, пакуль «упадзе зь неба», а можна — мець канкрэтную мэту і пасьлядоўна яе дамагацца. Дамагацца дзеяньнямі. Хай бы нават гэтых дзеяньняў спатрэбілася ня пяць і ня дзесяць, а высілкаў — не ад аднаго пакаленьня.
І тады непазьбежна здарыцца так, што вашыя апанэнты атрымаюць зусім іншае, чым тое, на што разьлічваюць.
Напрыклад, замест умацаваньня сваёй імпэрыі ды захопу іншых дзяржаў — некалькі незалежных дзяржаў на колішняй «сваёй» тэрыторыі. Як у жніўні 91-га.