Маккейн: Пуцін — палкоўнік КДБ, які мае намер адрадзіць Расейскую імпэрыю

Сэнатар лічыць, што Вашынгтон прадэманстраваў наіўнасьць ў сваім стаўленьні да расейскага кіраўніцтва.

Правалам амэрыканскага кіраўніцтва, за які прыйдзецца дорага заплаціць, назваў сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн тое, што Злучаныя Штаты дазволілі расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну захапіць Крым, ніяк не адказаўшы на гэта.

«Уведзеныя санкцыі былі вельмі слабымі. Калі паглядзець на гэта вачыма Пуціна, у яго ўсё добра, ён працягвае назапашваць войскі на мяжы з Украінай. Я думаю, ён будзе рабіць усё, што можа для працягу беспарадкаў на ўсходзе Ўкраіны, таму што ён ня хоча, каб Украіна дамаглася посьпеху», — сказаў Маккейн у інтэрвію грузінскай службе «Галасу Амэрыкі».

На думку сэнатара, калі б ЗША ўвялі «сапраўдныя, значныя санкцыі», прадумалі плян, паводле якога на працягу двух гадоў Злучаныя Штаты пачалі б пастаўкі энэрганосьбітаў ва Ўкраіну і эўрапейскія дзяржавы, каб ліквідаваць залежнасьць гэтых краінаў ад расейскіх энэргетычных паставак, а таксама «ставіліся да Ўладзімера Пуціну, як да палкоўніка КДБ, які мае намер адрадзіць Расейскую імпэрыю», расейскі прэзыдэнт адчуў бы, што «ў яго дзеяньняў ёсьць цана».

Маккейн лічыць, што ў дачыненьні да расейскага кіраўніцтва вашынгтонская адміністрацыя прадэманстравала наіўнасьць, за якую вымушана расплачвацца.

«Гаварыце Ўладзімеру, што будзеце больш гнуткімі, працягвайце ціснуць на „кнопку перазагрузкі“, — іранічна заўважыў Джон Маккейн. — Зразумейце, хто такі Ўладзімер Пуцін!».

Паводле сэнатара, ён ганарыцца тым, што Пуцін увёў супраць яго санкцыі. Маккейн апынуўся ў сьпісе тых, каму Расея забараніла ўезд на тэрыторыю краіны ў адказ на аналягічную забарону Вашынгтона на адрас цэлага шэрагу расейскіх чыноўнікаў і прадпрымальнікаў.