Савет міністраў праігнараваў занепакоенасьць Мілінкевіча

Аляксандар Мілінкевіч

Савет міністраў Беларусі адрэагаваў на зварот старшыні руху «За cвабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які ад імя арганізацыі зьвяртаўся ва ўрад з просьбай ініцыяваць у Канстытуцыйным судзе праверку законнасьці нарматыўных актаў аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. У атрыманым лісьце паведамляецца, што прэзыдыюм Саўміну прыняў рашэньне адмовіць у задавальненьні просьбы. Адмова ніяк не абгрунтавана.

На думку першага намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, гэта сьведчыць пра адно: улады выдатна ўсьведамляюць, што парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян, але нават на абмеркаваньне пытаньняў аб праве на свабоду сходаў, аб сумленных выбарах накладзена табу:

«Ва ўмовах, калі беларусы пазбаўленыя легальнай магчымасьці публічна выказваць свае погляды, мы наважаныя і далей зьвяртаць увагу на фактычныя забароны. Задача змусіць улады абмяркоўваць і выпраўляць сытуацыю з масавымі мерапрыемствамі з парадку дня не здымаецца. Будзем зьвяртацца ў іншыя дзяржаўныя органы».

У звароце Аляксандра Мілінкевіча, у прыватнасьці, гаварылася: «У адпаведнасьці з артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый і пікетаваньня, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў, гарантуецца дзяржавай».

Тым ня меней, па выніках маніторынгу, які вядзецца рухам «За свабоду», цягам трох апошніх гадоў у Беларусі не было дазволена ніводнага масавага мерапрыемства без удзелу органаў дзяржаўнай улады: «Зь сябрамі нашай арганізацыі адмаўляюцца заключаць дамовы на абслугоўваньне масавага мерапрыемства без рашэньня органа выканаўчай улады аб правядзеньні масавага мерапрыемства, а выканаўчыя органы ўлады на падставе адсутнасьці дамоваў адмаўляюць у правядзеньні масавага мерапрыемства», — падкрэсьлілі ў штаб-кватэры руху «За свабоду».

Як было адзначана ў звароце Аляксандра Мілінкевіча, гэтыя рашэньні супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, а таксама Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У адпаведнасьці з заканадаўствам рух «За свабоду» зьвярнуўся ў Савет міністраў, які мае права ўнесьці прапанову аб праверцы канстытуцыйнасьці нарматыўнага дакумэнта: «Мы просім ініцыяваць праверку канстытуцыйнасьці аб неадпаведнасьці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 40 нарматыўных прававых актаў аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў перад Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь».