Як вы лічыце, большыя ці меншыя маштабы набыла карупцыя за гады кіраваньня Лукашэнкі? Чаму так мяркуеце? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Жанчына: «Гэта ёсьць паўсюль: у вышэйшых навучальных установах, і на працу ўладкавацца, і пасьля сканчэньня вучобы некуды ўладкавацца. Ідзеш, просісься, размаўляеш, нешта там даеш у торбачках...»
Карэспандэнт: «Але гэтага стала больш ці менш за гады кіраваньня Лукашэнкі?»
Жанчына: «Напэўна, усё ж гэтага стала болей. Чым лепш жывём, тым больш бяром — шчыра кажучы. А хіба ня так?»
Your browser doesn’t support HTML5
Мужчына: «Мне здаецца, што з кожным годам карупцыі становіцца больш і больш».
Карэспандэнт: «А што пра гэта сьведчыць?»
Мужчына: «Вось гэтыя 20 гадоў ягонага кіраваньня і сьведчаць. ХХІ стагодзьдзе: кожнаму хочацца, а ў каго яшчэ ёсьць і ўлада, то чаму б не...»
Жанчына: «Мне здаецца, што карупцыі стала нашмат больш. Я ня ведаю, але куды ні ткнесься — паўсюль карупцыя. Нават і ў школе, і ў мэдыцыне — паўсюль... і бяз блату — нікуды...»
Мужчына: «Менш стала. Кантроль узмацнілі за карупцыянэрамі, міліцыя дзейнічае, шмат садзяць у турмы...»
Мужчына: «Я магу сказаць, што „бацька“ ўсё трымае ў жалезных рукавіцах...»
Мужчына: «Больш стала, і гэта заўважна паўсюль. Што яшчэ тут можна казаць...»
Мужчына: «Мне здаецца, карупцыя як была, так і застаецца, проста раней пра яе менш гаварылі, а цяпер больш гавораць».
Карэспандэнт: «А барацьба зь ёю вядзецца эфэктыўна?»
Мужчына: «Калі барацьба ёсьць, значыцца, яе ня цалкам выкаранілі. А значыцца, гэтая барацьба неэфэктыўная...»
Мужчына: «З аднаго боку, пра карупцыю раней ня ведалі. Але відавочна, што яе стала болей. Паглядзіце, як сваяк сваяку „дапамагаюць“ паўсюль: паспрабуй бяз блату ўладкуйся на працу, а калі ёсьць знаёмыя, радня — калі ласка. Нават зубы ўставіць, і то трэба нешта несьці, дамаўляцца. Карупцыя ёсьць паўсюль, і што там пра гэта гаварыць».