За першае паўгодзьдзе колькасьць стратных арганізацыяў у Беларусі ўзрасла да 1186, што складае 14,6% ад агульнай колькасьці.
Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі. Тут жа адзначаецца, што летась за той жа самы час стратных прадпрыемстваў было амаль удвая меней — 684, альбо 8,4% ад агульнай колькасьці. А сума чыстых страт сёлета склала ўжо 7,2 трыльёна рублёў, што ў 1,9 раза болей, чым у першым паўгодзьдзі летась.
Камэнтуючы гэтую статыстыку для Свабоды, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук назваў яе вельмі красамоўнай:
«Лічбы сьведчаць пра тое, што беларуская эканоміка робіцца ўсё больш і больш неканкурэнтаздольнай. Ужо не дапамагаюць ані падатковыя льготы, ані дармовыя крэдыты, ані сьпісваньне даўгоў...
Тэхналягічна беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы ня могуць канкураваць нават з расейскімі, ня кажучы ўжо пра заходнія. І гэта нават пры тым, што дзяржаўныя датацыі не зьмяншаюцца, а кошт энэрганосьбітаў значна меншы, чым, напрыклад, для прадпрыемстваў ва Ўкраіне ці Польшчы. І нават у такіх спрыяльных умовах беларускія прадпрыемствы ня могуць працаваць лепш.
І ёсьць яшчэ адна вельмі важная ўмова, якая дазваляе трымацца ў разрадзе стратных працяглы час. Гэта тое, што ў нашай краіне фактычна заблякавалі інстытут банкруцтва і адказнасьць за фінансавыя паказьнікі працы. І таму атрымліваецца так, што дырэктарам прасьцей нічога не рабіць, чым даводзіць прадпрыемствы да лепшага стану.
Больш за чвэрць стратных арганізацыяў Беларусі знаходзіцца ў Менску. І гэта невыпадкова. Тут ёсьць прадпрыемствы, якія, на мой погляд, ужо ніколі не запрацуюць з прыбыткам. Таму іх лепей і выгадней ліквідаваць. Статыстыка з году ў год рэльефна паказвае гэтыя «пункты напружаньня». І адзіны спосаб выйсьці з такой сытуацыі — адкрыць працэдуру банкруцтва, як гэта было зроблена, напрыклад, з «Брэсцкім півам». І чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым большая будзе верагоднасьць, што нейкія інвэстары адважацца ўсё ж сюды прыйсьці.
А што тычыцца канкрэтных сталічных прадпрыемстваў, то іх у Менску, як кажуць, куды ні ткні палец, там і знойдзеш. Гэта — завод імя Казлова, завод падшыпнікаў, «Сукно», «Камволь» ды мноства іншых.
Статыстыка паказвае, што найбольш стратная галіна ў Беларусі — «рыбалоўства і рыбагадоўля». Тут аж 68,4% арганізацыяў працуюць «у мінус». На другім месцы, дарэчы, прамысловасьць, дзе гэты паказьнік складае 25,2%. Чаму ж беларуская рыбка такая «залатая»?
Таму што нашы рыбныя манапалісты, якія завозяць у Беларусь рыбу з замежжа і тут яе перапрацоўваюць, абсалютна не зацікаўленыя ў тым, каб на ўнутраным рынку была хоць нейкая канкурэнцыя. У нас жа рыбай займаюцца пераважна ўсялякія спэцімпартэры. Дзякуючы ўладам, у нас рыба зрабіліся вельмі прыбытковым бізнэсам для некаторых асобаў. А масавая рыбная прадукцыя — стратная. Бо добрых умоваў для рыбагадоўлі ў нашай краіне няма».