Сёньня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Аляксандар Шаўчэнка ўдарыў дэпутата-"радыкала" Алега Ляшко па галаве, адправіўшы палітыка ў накдаўн.
Пазафракцыйны дэпутат Шаўчэнка абвінаваціў Ляшко ў тым, што той празьмерна піярыцца на тэме вайны.
Сьведкамі бойкі сталі дзясяткі тэлекамэраў.
Беларусь таксама мае свае гісторыі кулюарных «боек».
Жырыноўскага спусьцілі зь лесьвіцы
У 1991 у беларускім парлямэнце Ўладзіміра Жырыноўскага спусьцілі зь лесьвіцы. Расейскі палітык зьявіўся ў Менску неўзабаве пасьля абвяшчэньня незалежнасьці. Адбывалася сэсія Вярхоўнага Савету. Апавядае Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання:
«У часе перапынку чую вэрхал на лесьвіцы каля кабінета апазыцыі, бачу: ляціць Жырыноўскі зьверху і падае мне пад ногі. Пятро Садоўскі і Сяргей Навумчык спусьцілі яго зь лесвіцы». Жырыноўскі прыгразіў вярнуцца на танку і пакараць усіх «жыдоў і палякаў», што развальваюць вялікую краіну.
Аплявалі Ціхіню
У той жа год, як мяркуецца, 25 жніўня пацярпеў дэпутат і сакратар ЦК КПБ Валеры Ціхіня. Як піша Зянон Пазьняк, «калі Ціхіня ішоў у Вярхоўны Савет, на яго кінуліся нястрыманыя людзі, каб адлупіць, але дружыньнікі Фронту, стаўшы ланцугом і ўзяўшыся за рукі, не дапусьцілі расправы. Тады на Ціхіню пачалі здалёку пляваць, і сакратару ЦК крыху з таго дасталося».
Лукашэнку парвалі пінжак
У 1994 Дом Ураду браў штурмам дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Ужо адбыліся выбары, але афіцыйныя вынікі яшчэ не былі агучаныя Міліцыя не пускала Лукашэнку ў сярэдзіну будынка, ён настойліва прарываўся, дзёрзка адштурхоўваючы людзей у форме і размахваючы рукамі. Усё гэта здымалі журналісты. На Лукашэнку падчас той бойкі парвалі пінжак, які ён пазычыў ці то ў Ціцянкова, ці то ў Сініцына. Лукашэнка дэманстраваў тады «пацярпелы» пінжак і крычаў, што міліцыя служыць рэжыму і душыць змагара за дэмакратыю.
Казуліна пабілі, калі прарываўся на ІІІ Усебеларускі сход
2 сакавіка 2006 г кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьявіўся ў Палац чыгуначнікаў, каб зарэгістравацца дэлегатам на ІІІ Усебеларускі сход, але яго не пусьцілі. Больш за тое, зьбілі й кінулі на падлогу аўтамабіля. У міліцыі, куды яго прывезьлі, палітык разьбіў шкло на партрэце Аляксандра Лукашэнкі. У судзе міліцыянт Якімовіч заявіў, што Казулін нібыта парваў яму куртку і абразіў. Аляксандар Казулін заявіў суду, што нікога ня біў, а толькі затрымаў Якімовіча, бо той ужыў сьлезацечны газ.
Статкевіч даў поўху Азаронку
Лукашэнкаўскі прапагандыст Азаронак атрымаў поўху ад Міколы Статкевіча. Палітык урэзаў рэжысэру за фільм «Дзеці хлусьні», у якім той таптаўся па беларускім нацыянальным руху, гістарычным сьцягу й гербе. «Я не думаю, што такімі рэчамі варта ганарыцца, але я зрабіў тое, што мусіў зрабіць». Азаронак падаў на Статкевіча ў суд, прадставіўшы даведку аб «кровападцёку на левай шчацэ».
Фядута даў высьпятка Рымашэўскаму
31 студзеня 2012 г Лябедзька, Мілінкевіч, Някляеў, Янукевіч рыхтавалі падпісаньне пагадненьня пра супольны ўдзел у «выбарах» у Палату прадстаўнікоў. Аднак Віталь Рымашэўскі з Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, нечакана для прысутных, адмовіўся падпісваць дакумэнт, абгрунтаваўшы гэта тым, што «нельга ўдзельнічаць у выбарах пры наяўнасьці палітычных зьняволеных». Гэта моцна раззлавала Аляксандра Фядуту з «Гавары праўду», і той даў яму высьпятка. «Думаю, што я зьдзейсьніў мару многіх беларусаў, што цікавяцца палітыкай, — даць высьпятка зарэгістраванаму кандыдату ў прэзыдэнты», — жартаваў пасьля Фядута.