Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці:
«Яшчэ год таму Індыя паведаміла, што мы больш не праяўляем цікавасьці да набыцьця акцыяў „Беларуськалія“. З таго часу сытуацыя не зьмянілася. Аднак супрацоўніцтва Індыі і Беларусі ў калійнай галіне працягваецца. Мы штогод падпісваем дамовы аб закупах калійных угнаеньняў у Салігорску. Назваць канкрэтныя лічбы я не магу — ні па аб’ёмах, ні па коштах, паколькі я не бізнэсовец».
Амбасадар сказаў, што таваразварот паміж Індыяй і Беларусьсю залежыць найперш ад дзьвюх пазыцыяў: зь беларускага боку — гэта калійныя ўгнаеньні, з індыйскага — фармацэўтыка.
«Летась калійны рынак ліхаманіла, таму і таваразварот зьнізіўся. Падобна, што такая тэндэнцыя — закупа меншай колькасьці ўгнаеньняў — будзе назірацца і ў будучым», — сказаў Манодж Кумар Бхарці.
У 2011 годзе беларускія ўлады заявілі пра магчымасьць прадаць да 20 працэнтаў акцыяў «Беларуськалія». Тады Індыя і праявіла вялікую цікавасьць да гэтай тэмы. Аднак канкрэтных вынікаў індыйскі бок у гэтым праекце дасягнуць ня здолеў.