З пачатку года ў Беларусі патанулі 29 дзяцей

  • БелаПАН
З пачатку года ў Беларусі патанула 422 чалавекі, у тым ліку 29 дзяцей, паведамляе прэс-служба МНС Беларусі.

Выратавана 433 чалавекі, у тым ліку 116 дзяцей і падлеткаў. МНС інфармуе пра некалькі падобных выпадкаў, якія здарыліся нядаўна. Так, у Берасьцейскай вобласьці надоечы работнікі Асвода выратавалі васьмігадовага жыхара Менску, які тануў у Яглевіцкай сажалцы. Яшчэ аднаго непаўналетняга, вучня 9-й клясы, выратавалі ў сажалцы Паўднёвай Ганцавіцкага раёна. У Віцебскай вобласьці выратавалі шасьцігадовага жыхара Паставаў, які пачаў тануць падчас купаньня ў возеры Дубок. Пяцігадовы хлопчык з Наваполацка ледзь не загінуў у Заходняй Дзьвіне, аднак на дапамогу яму таксама прыйшлі ратавальнікі мясцовай станцыі.

Двухгадовае дзіця ў Мазыры падчас купаньня ў Прыпяці спатыкнулася і трапіла на глыбіню. Яно было выратавана работнікамі Мазырскай ратавальнай станцыі. У рацэ Убарць двое пяцігодак трапілі на глыбіню, былі падхопленыя плыньню, іх стала зносіць. Іх таксама дасталі з вады ратавальнікі Асвода.

У такой жа сытуацыі, але ўжо на Бярэзіне ў Бабруйску, апынуліся школьнікі 13 і 14 гадоў. Падлеткі заплылі за буі, іх стала зносіць цячэньнем. Яны былі паднятыя з паверхні вады і дастаўленыя на бераг работнікамі ратавальнай станцыі.

Работнікі МНС заклікаюць быць вельмі асьцярожнымі на вадаёмах, сачыць за дзецьмі, а таксама не купацца ў неабсталяваных і незнаёмых месцах.