Гарадзенец кантрабандай увёз у Беларусь 12 тэлевізараў

  • БелаПАН

У жыхара Горадні канфіскаваная партыя тэлевізараў, увезеная ў краіну нелегальна.

Гарадзенскія памежнікі з прыцягненьнем супрацоўнікаў мытні і РУУС у абласным цэнтры падчас рэалізацыі апэратыўнай інфармацыі 7 жніўня выявілі партыю кантрабанднай бытавой тэхнікі.

12 тэлевізараў замежнай вытворчасьці знаходзіліся дома ў мясцовага жыхара. Праваахоўнікі мелі інфармацыю аб тым, што гэты тавар быў перамешчаны ў Беларусь з Польшчы з парушэньнем мытнага заканадаўства.

Як паведамляе прэс-цэнтар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, сума ацэнкі партыі склала больш як 171 млн. рублёў, яна перададзена ў мытню. У дачыненьні да ўласьніка распачаты адміністрацыйны працэс.