Сёньня незалежныя журналісты і апазыцыйныя партыі гуляюць у футбол

  • БелаПАН

Фота Зьміцер Афанасенка

Традыцыйны футбольны турнір «Кубак Свабоды» памяці Генадзя Карпенкі праходзіць у Мінску.

У гэтым годзе ў турніры бяруць удзел 12 камандаў. Па выніках лёсаваньня яны былі разьмеркаваны на чатыры групы. У першай згуляюць каманды аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларусі рух», Партыі БНФ і тэлеканалу «Белсат», у другой — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду» і арганізацыі «Маладая Беларусь», трэцяй — Беларускай асацыяцыі журналістаў, газэты «Наша ніва» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), чацьвёртай — Беларускага Хельсынскага камітэту, аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет».

Згодна з рэглямэнтам турніру, дзьве найлепшыя каманды выходзяць з групы, далей ідзе гульня на выбываньне.

У мінулым годзе турнір выйграла каманда БАЖ, стаўшы пяціразовым уладальнікам галоўнага трафэя. Тройчы турнір выйгравалі каманда АГП і зборная Партыі БНФ, двойчы — Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» і «Беларускага руху», па адным разе — зборныя фонду імя Карпенкі і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ.

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1997 году. Да гэтага падобныя спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка турнір назвалі яго імем.

Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 г. ва ўзросьце 49 гадоў праз тыдзень пасьля таго, як перанёс інсульт. Раптоўная сьмерць апазыцыйнага палітыка выклікала шмат пытаньняў, якія да гэтага часу застаюцца без адказу.