Адміністрацыя Парашэнкі: Расея рыхтавала «ўвод міратворцаў» ва Ўкраіну

Расейская Фэдэрацыя плянавала ў ноч на суботу ўвесьці калёну міратворцаў на тэрыторыю Ўкраіны, заявіў намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Валеры Чалы ў эфіры тэлепраграмы «Шустэр live». Паводле ацэнак Чалага, з боку Расеі «рыхтавалася сур’ёзная правакацыя, якая магла ўжо сёньня ноччу прывесьці да зусім непрадбачаных падзеяў і эскаляцыі пагрозы».

Па словах намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, Пятро Парашэнка правёў экстраную нараду з камандным складам узброеных сіл, МУС і Нацыянальнай гвардыі і зьвязваўся па тэлефоне зь некаторымі замежнымі лідэрамі.

Валеры Чалы адзначае, што ў цяперашні момант «небясьпека правакацыі ліквідавана» і запэўнівае, што Ўкраіна гатовая да паступленьня гуманітарнай дапамогі, калі такая дапамога будзе накіроўвацца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі правіламі".

З расейскага боку камэнтароў з нагоды заяваў Кіева пакуль няма.

Раней улады ЗША і Вялікай Брытаніі папярэдзілі Расею аб недапушчальнасьці выкарыстаньня «аказаньня гуманітарнай дапамогі» ў якасьці падставы для адпраўкі міратворчых сілаў ва Ўкраіну. Любое падобнае дзеяньне «зусім недапушчальнае і будзе разглядацца як ўварваньне ва Ўкраіну», — заявіла афіцыйная прадстаўніца ЗША ў ААН Саманта Паўэр.

Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Філіп Хаманд таксама заклікаў Расею ўстрымацца ад любых правакацыйных дзеяньняў«. Ён выказаў сур’ёзную заклапочанасьць паведамленьнямі аб тым, што ва Ўкраіну з расейскай тэрыторыі нібыта пастаўляецца зброя і тэхніка, у той час як расейскія войскі праводзяць вучэньні паводле сцэнару «гуманітарнай інтэрвэнцыі». Паводле словаў Хаманда, падобная інтэрвэнцыя будзе расцэньвацца як незаконны крок.

Раней на экстраным пасяджэньні Рады бясьпекі ААН пастаянны прадстаўнік Расеі Віталь Чуркін заявіў, што Масква прапануе накіроўваць ва Ўкраіну расейскую гуманітарную дапамогу пад эгідаю Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжу ў Данецк і Луганск, а таксама іншыя населеныя пункты Ўкраіны.