Лукашэнка абяцае Пуціну не парушаць эмбарга

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, што «на мяжы будзе забясьпечана поўная празрыстасьць у духу партнэрскіх адносін».

Пра гэта паведамляеЯ прэс-служба беларускага прэзыдэнта.

Тэлефонная размова паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі адбылася 7 жніўня. Пуцін праінфармаваў Лукашэнку пра эканамічныя меры, прынятыя Расеяй супраць шэрагу катэгорыяў прадукцыі, якая імпартуецца з краін, што ўвялі санкцыі ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне. Пуцін выказаў надзею, што Беларусь з разуменьнем паставіцца да такіх крокаў, прынятых у інтарэсах эканамічнай бясьпекі Расеі.

Паводле сайту прэзыдэнта Беларусі, кіраўнікі краін абмеркавалі таксама «разьвіцьцё сытуацыі ў эканоміцы Ўкраіны ў сувязі з падпісаньнем ёю пагадненьня аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам».

Паводле сайту прэзыдэнта Расеі, абмеркавана «каардынацыя дзеяньняў у гандлёва-эканамічнай сфэры ў сьвятле прынятых рашэньняў аб абмежаваньні ўвозу на расейскую тэрыторыю асобных відаў сельгаспрадукцыі, сыравіны і харчаваньня з ЭЗ, ЗША і шэрагу іншых краін».

Сёньня ж кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі Мікалай Фёдараў заявіў у Маскве, што Расея знойдзе інструмэнты, каб заблякаваць пагрозы парушэньня рэжыму эмбарга на ўвоз прадуктаў у рамках Мытнага саюзу.

«У нашых інтарэсах захаваньне гэтага эмбарга ў рамках Мытнага саюзу. У нас ідуць зараз перамовы з нашымі калегамі зь Беларусі і Казахстану, і, у прынцыпе, у нас ёсьць і існыя мэханізмы, і дадатковыя, па якіх мы дамовімся, каб мы трымаліся тых рашэньняў, якія будуць прымаць дзяржавы — сябры Мытнага саюзу. І, я думаю, мы цалкам цывілізавана знойдзем усе інструмэнты, каб заблякаваць магчымыя парушэньні рэжыму, які краіна вымушана была прыняць у гэтыя дні», — цытуе Фёдарава РИА Новости.