7 жніўня знанаму беларускаму гісторыку, грамадзкаму дзеячу і палітыку Алегу Трусаву спаўняецца шэсьцьдзесят гадоў. З гэтай датай яго віншуюць сябры, калегі, аднадумцы.
Гісторык і дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Валянцін Голубеў: «Я ведаю яго як змагара, як героя»
«Алега Анатольевіча я ведаю з канца 80-х гадоў, калі пачалося наша змаганьне за беларускую нацыянальную дзяржаўнасьць. І ўсе гэтыя гады я ведаю яго як змагара, як героя. Больш за тое, калі б мы жылі ў іншай краіне, гэты чалавек ужо даўно меў бы найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду якраз за сваю працу на карысьць Беларусі. На карысьць беларускай археалёгіі, на карысьць беларускай гісторыі, на карысьць беларускай дзяржавы.
Алег — і вучоны, і палітык, і пэдагог. Алег — асоба. І тое, што ён робіць апошнія гады ў справе папулярызацыі беларускай мовы — гэта таксама дзейнасьць. Дзейнасьць зь вялікай літары. Працяг дзейнасьці такіх знакамітых асобаў, якія кіравалі Таварыствам беларускай мовы, як Ніл Сымонавіч Гілевіч, як Генадзь Бураўкін. Алег стаіць у шэрагу вось менавіта такіх людзей.
Я жадаю яму посьпехаў, здароўя і каб усё збывалася тое, што ён хоча. А першае — каб Беларусь наша была незалежнай дзяржавай. Я ўпэўнены, што ў гэтым і мае, і ягоныя жаданьні супадаюць».
Доктар гісторыі, прафэсар Анатоль Грыцкевіч: «Жадаю яму хутчэй атрымаць званьне прафэсара»
«Алег Трусаў — выдатны археоляг і гісторык.
Па-першае, як археоляг ён зрабіў шмат раскопак, асабліва ў заходняй частцы Беларусі. Я памятаю, як бываў у некаторых гарадах Беларусі, то глядзеў, дзе ён рабіў раскопкі. Нават ужо пры раскопках у вядомых гарадах можна паглядзець, дзе гэта ўсё рабілася. Так што шмат якія яго навуковыя пункты гледжаньня ўвайшлі ў гісторыю.
Ну, а яшчэ важна тое, што ён выпускае кнігі.
Зразумела, што на сваім месцы ён знаходзіцца ў кіраўніцтве Таварыства беларускай мовы. Вельмі дыпляматычны.
І самае галоўнае тое, што ён быў у Вярхоўным Савеце дэпутатам і рабіў усё, што трэба для беларускасьці нашай краіны.
Так што мае пажаданьні — хай маладым ён застаецца і далей і хай дасягае шмат чаго яшчэ ў навуцы. Я за тое, каб яму хутчэй прысвоілі званьне прафэсара. Зрабіць гэта можа толькі Ўнівэрсытэт культуры, у якім ён працуе».
Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: «Трусаў — з тых, хто не дае замоўкнуць роднай мове на сваёй зямлі»
«Ведаю Алега Анатольевіча Трусава ўжо амаль чвэртку стагодзьдзя, калі, стаўшы дэпутатамі Вярхоўнай Рады РБ XII скліканьня, мы пачалі разам працаваць у адной і той жа пастаяннай камісіі, у камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Мяне абралі старшынёй камісіі, а яго — намесьнікам. Вось тады я і пераканаўся ў некаторых пахвальных якасьцях чалавечага характару Трусава. А менавіта ў такіх, як грамадзкая актыўнасьць, настойлівасьць у дасягненьні пастаўленай мэты, нераўнадушнасьць да даручанай справы.
А спраў было багата. І перш за ўсё — клопат пра выкананьне Закону аб мовах у рэспубліцы. Ніхто з нашай камісіі ў тыя гады, 1991–95, столькі не паезьдзіў па краіне, як Трусаў.
Натуральна, што ён, гісторык, археоляг па адукацыі, пільна курыраваў і ўсе пытаньні захаваньня нашай гістарычнай спадчыны. Тут ён, што называецца, быў на сваім месцы.
А пасьля Алег Анатольевіч быў абраны старшынёй Рады Таварыства беларускай мовы. На гэтай грамадзкай пасадзе працуе і па сёньняшні дзень гэтак жа нястомна, неспакойна, рупліва, гэтак жа ініцыятыўна, што датычыць галоўнага клопату ТБМ — ня даць замоўкнуць на сваёй роднай зямлі беларускай мове. Мова, мова і яшчэ раз мова. Не лічыць дробязьзю ніякую ініцыятыву ў абарону, у падтрымку мовы.
Як былы заснавальнік і першы кіраўнік ТБМ я асабліва радуюся гэтаму. ТБМ павінна жыць і разгортваць сваю высакародную дзейнасьць усё шырэй і шырэй.
Нядаўна мы бачыліся з Алегам Анатольевічам у мяне на кватэры. І я быў усьцешаны, што ён усё ў той жа добрай рабочай форме і ў тым жа баявітым настроі. Віншую дарагога калегу з высокім юбілеем, 60-годзьдзем з дня народзін, і зычу яму на доўгія-доўгія гады заставацца і ў гэтай форме, і ў гэтым настроі! Зычу свайму маладзейшаму аднапалчаніну здароўя і шчасьця! Абдымаю. Жыве Беларусь!»
Алег Трусаў
Нарадзіўся 7 жніўня 1954 году ў Мсьціславе.
Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1976).
У 1976–1992 гадах працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце, загадчык аддзелу комплексных навуковых дасьледаваньняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
У 1996 — сакавіку 1998 — дэкан факультэту бібліятэчна-інфармацыйных сыстэм Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і музэязнаўства (з 1995). Аўтар некалькіх манаграфіяў і больш як 150 навуковых прац па археалёгіі і гісторыі архітэктуры. Адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філятэліі Беларусі.
Адзін з заснавальнікаў ТБМ імя Францыска Скарыны. У 1990-м быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя. У красавіку 1997 году абраны Рэспубліканскай Радай на першага намесьніка старшыні ТБМ. На VI зьезьдзе ТБМ (17.4.1999) абраны старшынёй ТБМ.
Адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ (з 1991), намесьнік (1991), старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1992–1995). У 1990–1996 — дэпутат ВС РБ XII скліканьня. У 1990–1995 — намесьнік старшыні камісіі ВС РБ па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Прымаў удзел у распрацоўцы афіцыйнай выявы дзяржаўнага гербу «Пагоня», бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі БНФ (11–12.4.1995) супраць арганізаванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму пра зьмену дзяржаўных сымбаляў, скасаваньне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і эканамічную інтэграцыю з Расеяй.