У Беларусі ўвядуць штраф за здаваньне ўнаймы жыльля, якое пабудавана з дапамогай ільготнага крэдыту, да яго поўнага пагашэньня. Штраф складзе да 7, 5 мільёна рублёў.
Такія папраўкі, прапанаваныя ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, будуць разгледжаныя ў другім чытаньні на восеньскай сэсіі.
Намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Ўладзімер Чаравач адзначыў, што гэтым дакумэнтам уводзіцца адміністрацыйная адказнасьць за парушэньне парадку прадстаўленьня жылых памяшканьняў, пабудаваных або набытых з прыцягненьнем ільготнага крэдыту, па дамове найманьня або арэнды да поўнага пагашэньня льготнага крэдыту.
Калі такое правапарушэньне ўчынена ўпершыню, то яно будзе карацца штрафам у памеры ад 4 да 30 базавых велічынь (адна базавая велічыня цяпер — 150 тысяч рублёў). Пры паўторным парушэньні цягам году — ад 30 да 50 базавых велічынь.
«У дакумэнце прапісана: для таго каб здаць у арэнду жыльлё, пабудаванае з прыцягненьнем ільготнага крэдыту, да яго пагашэньня, уладальнік павінен атрымаць адпаведны дазвол мясцовага выканаўчага і распарадчага органа», — цытуе дэпутата БЕЛТА.
Чаравач адзначыў, што атрымаць такі дазвол будзе вельмі складана.