Чытальная заля
Your browser doesn’t support HTML5
“Птушкі пералётныя”. Успаміны вэтэрана Радыё Свабода Галіны Руднік:
“Усе мы добра памяталі, што сталася ў Дрэздэне. Там жыў наш беларускі сьвятар айцец Балай з жонкай і сынам. Аднойчы сын паехаў да дзяўчыны, а ў міжчасе пачалася тая страшэнная бамбёжка. Ангельцы ўпершыню кідалі фосфарныя бомбы. У часе таго налёту загінулі тысячы жыхароў Дрэздэну, а ад самога гораду мала што засталося. Калі бамбёжка скончылася, сын айца Балая ведаў, што бацькі ягоныя вельмі хвалююцца, бо баяцца, што зь ім нешта сталася. Даць ім вестку не было ніякай магчымасьці, транспарту таксама не было ніякага. Ён пабачыў каля аднаго разьбітага будынку абгарэлы ровар. Сеў на яго і праз некаторы час дабраўся да бацькоў, а ровар гэты пакінуў каля хаты. Нехта пабачыў, выклікаў Гестапа. Сын айца Балая растлумачыў, што гэта быў за ровар і чаму ён яго ўзяў. Яго ўсё роўна арыштавалі і праз два дні расстралялі. Тое самае магло стацца і са мной...”