Злучаныя Штаты ў бліжэйшы час паставяць Украіне ваенны рыштунак на суму 8 мільёнаў даляраў, паведаміла ў пятніцу міністэрства абароны ЗША.
Украіне будуць прадастаўленыя БТР, грузавыя і патрульныя аўтамабілі, біноклі, прыборы начнога бачаньня і ваенныя катэры.
Пэнтагон таксама падрыхтаваў плян падрыхтоўкі ўкраінскай нацыянальнай гвардыі, на ажыцьцяўленьне якога ён запытаў 19 мільёнаў даляраў. У рамках пляну, з пачатку наступнага году амэрыканскія ваенныя спэцыялісты зоймуцца навучаньнем чатырох рот нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
Злучаныя Штаты пакуль устрымліваюцца ад пастаўкі Кіеву баявой зброі. Гэта пацьвердзіў у пятніцу прэс-сакратар Пэнтагону адмірал Джон Кірбі.
Аднак амэрыканскія заканадаўцы заклікаюць Белы дом даць саюзнай дзяржаве, якая вядзе апэрацыю супраць сэпаратыстаў, якiя падтрымлiваюцца Расеяй, «абарончае ўзбраеньне», у тым ліку, супрацьтанкавыя ракеты. У чацьвер Карл Левін, старшыня сэнацкага камітэту па справах узброеных сілаў заявіў пра тое, што ўкраінская армія мае патрэбу ў зброі з тым, каб супрацьстаяць «расейскай агрэсіі».