З пачаткам жніўня на Гомельшчыне адкрылася каля 200 школьных кірмашоў. Колькі цяпер каштуе сям’і сабраць вучня ў школу?
Адзін з самых буйных школьных кірмашоў адкрыты Гомельскім аблгандальсаюзам у часовым павільёне побач з Цэнтральным рынкам. Нягледзячы на сьпёку, бацькі зь дзецьмі й сёньня бесьперапынна заходзілі сюды. Да школы засталося ня так шмат часу. Многія гараджане ня хочуць адкладаць закупы на апошнія дні: і чэргі перад самай школай вялікія, і грошай у адзін прыём не набярэш.
Гараджанка Людміла мае сабраць у школу сына-васьміклясьніка:
«Вельмі дорага. У шоку! Вялікія грошы трэба, каб сабраць яго ў школу. Адзеньне асабліва. Гэта ж нельга абмежавацца, нават хлопцу, адным пінжаком і штанамі. Трэба ж нейкая замена, штанам у прыватнасьці, бо ён жа ня будзе ў адных хадзіць. А на два камплекты патраціцца надзвычай складана».
Спадарыня Зоя зьбірае ў школу дзьвюх дзяўчатак — першаклясьніцу Дашу й старэйшую дачку, якая выпраўляецца ў шостую клясу:
«Дзьвюх зьбіраю — у першую й шостую клясы. Хочам і школьную форму купіць, і спартовыя гарнітурыкі. Блюзы, абутак — усё трэба. Скажу так: зьняла з рахунку 3 мільёны, але думаю, што грошай ня хопіць. Заробкі крыху падрасьлі, аднак ой як цяжка сабраць. Я ашчаджала — і адпускныя свае адклала, і заробак мужа».
Меншая дачка суразмоўніцы рвецца паглядзець заплечнік, а мама апавядае, што можна для дзяўчатак выбраць прыгожае беларускае адзеньне. Бракуе, аднак, малых памераў:
«Можна выбраць беларускае — і фасоны прыгожыя ёсьць. Але вось як на малых, то складана знайсьці памер — на першаклясьніцу маю дробненькую».
Прадавачка школьнага адзеньня, ведаючы лепш за іншых асартымэнт і кошты, падсумоўвае выдаткі, які мусяць панесьці бацькі, зьбіраючы пачаткоўку ў школу:
«Каля мільёна гарнітурык з сарафанам і блюзкаю. Абутак, туфлікі — прыкладна 300 тысяч. А яшчэ спадарожныя тавары — трэба ўзяць спартовы нейкі гарнітур, выраблены з трыкатажу. Плюс яшчэ канцтавары. Прыкладна каля 3 мільёнаў — адзеньне, абутак і канцтавары».
Пра канцтавары й заплечнікі асобна кажа прадавачка Натальля:
«Мільён трэба, каб набыць заплечнік і пісьмовыя прылады. Апроч абутку й адзеньня».
На кірмаш прыйшла з дачкою й пляменьнікам і ўкраінка Ганна. Яна прыехала зь сям’ёю на лета ў Гомель з украінскага Краматорску:
«Тут спакойна й ціха, а там — страляюць. Мы прытулку не прасілі, бо ў нас тут сваякі — майго мужа маці тут жыве. Мы месяц пажылі й вырашылі вяртацца дадому, назад у Краматорск. Грошы скончыліся. Восемдзесят кілямэтраў ад нас, у Данецку, ідуць баі. Кожны дзень. Няма там газу, сьвятла і вады. Аднак у Краматорску ёсьць пакуль вада, сьвятло й газ».
Украінка кажа, што яшчэ невядома, дзе будуць вучыцца дачка й пляменьнік — ва Ўкраіне ці ў Беларусі. Таму й набывае школьнае адзеньне, хоць ва Ўкраіне сабраць дзіця ў школу нашмат таньней, чым у Беларусі:
«Калі шчыра, мы нават ня ведаем, дзе будзем хадзіць у школу — тут ці там. Але ўсё адно трэба адзявацца. Як на нас, то ў вас дорага, хоць да якасьці прэтэнзіяў няма. У вас добрыя, якасныя рэчы».