Прадстаўнікі Ўкраіны ў Менску правялі двухбаковыя перамовы з прарасейскімі сэпаратыстамі

Сёньня ў Менску працягваліся перамовы ў справе ўкраінскага крызісу. Аднак статус іх, перадаюць афіцыйныя СМІ, параўнальна з учорашнім днём быў ніжэйшы, бо 1 жніўня абмеркаваньне вялося толькі на роўні экспэртаў.

Прыцягнуць экспэртаў вырашыла трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні на ўсходзе Ўкраіны. Яны спатрэбіліся для адпрацоўкі тэхнічных дэталяў, паведамляюць беларускія тэлеканалы. Ніякіх падрабязнасьцяў наконт працы экспэртаў пакуль няма.

Афіцыйна інфармацыю пра ўкраінскія перамовы агучвае прэсавая служба МЗС Беларусі. Аднак там Свабодзе сёньня сказалі, што асьвятляецца праца толькі кантактнай групы, а да сустрэч экспэртаў зьнешнепалітычнае ведамства дачыненьня ня мае.

У чацьвер Інтэрфакс паведамляў са спасылкай на крыніцу ў кантактнай групе, што на 1 жніўня заплянаваная сустрэча прадстаўнікоў сэпаратыстаў з дэлегацыяй украінскага боку.

«Сустрэча прызначаная на пятніцу. Гэта ня будуць кансультацыі па мірным урэгуляваньні. Там мяркуецца абгаварыць вельмі вузкае кола пытаньняў. Хутчэй гэта можна назваць сустрэчай прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік з украінскім бокам», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Леанід Кучма

Сёньня экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які 31 ліпеня ўдзельнічаў у паседжаньні кантактнай групы, сказаў, што ў чацьвер дасягнутая дамоўленасьць аб вызваленьні на першым этапе 20 палонных. «Нам абяцалі таксама перадаць асабістыя рэчы людзей, якія загінулі на борце «Боінга», — дадаў спадар Кучма. Аднак прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі сьцьвярджаюць, што дамоўленасьці былі дасягнутыя толькі пра абмен палоннымі паводле схемы «20 на 20». Пры гэтым сэпаратысты не паведамляюць, калі адбудзецца такі абмен, і дапускаюць, што гэтага можа і зусім ня здарыцца.

Пра ўдзел прадстаўнікоў так званай «Данецкай народнай рэспублікі» ў паседжаньні кантактнай групы ўчора перадало агенцтва БелТА. Больш за тое, на паказаных у кароткім рэпартажы на канале АНТ кадрах з рэзыдэнцыі «Заслаўе», дзе праходзілі перамовы, заўважаны чалавек, як дзьве кроплі вады падобны да Андрэя Пургіна — так званага «віцэ-прэм’ера» самаабвешчанай «ДНР».

На відэа на 24 сэк.

«Вынік менскіх сустрэчаў можа быць толькі тэхнічны і наўрад ці палітычны», — лічыць адзін з заснавальнікаў Камітэту салідарнасьці з Украінай Павал Севярынец:

Павал Севярынец

«Тэхнічны — таму што ў любой вайне ёсьць дзень ці два замірэньня, калі абменьваюцца палоннымі, целамі. Ну, у кожнай вайне такія перапынкі бываюць. І паколькі ў гэтай вайне напал жарсьцяў вельмі моцны, то Менск выбралі як нэўтральную пляцоўку. Таму, на мой погляд, гэта проста тэхнічныя перамовы пра тое, каго на каго мяняць, якія калідоры, дзе пакідаць. А вайна тым часам ідзе. Таму атрымаць з гэтага палітычныя дывідэнды тут наўрад ці хто здолее.

Звычайна такія перамовы не афішуюцца. А тое, што цяпер гэта больш ідзе на публіку, — то гэта, бадай, наступствы інфармацыйнай вайны, якая ідзе на фоне вайны рэальнай».

Сёньня на інтэрнэт-рэсурсе «Беларускі партызан» зьявілася сэнсацыйная інфармацыя пра тое, што напрыканцы жніўня Аляксандар Лукашэнка можа сустрэцца з канцлерам ФРГ Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Аляндам. Паводле крыніц «Беларускага партызана», такую сустрэчу Лукашэнку нібыта паабяцаў прэзыдэнт Украіны Парашэнка на знак удзячнасьці за пасярэдніцтва ва ўкраінскім канфлікце.

«Маламагчымым» называе такі сцэнар дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў

«Тут справа ня ў тым, што ў Лукашэнкі няма лабістаў ці людзей, якія былі б зацікаўленыя ў тым, каб урэгуляваць адносіны паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам. Тут сэнс ня ў тым, што Парашэнка можа нешта зрабіць у той сытуацыі, якая цяпер ёсьць у Беларусі, і ў тых адносінах, якія склаліся ў афіцыйнага Менску з Брусэлем. А ў тым, што зараз беларускім уладам трэба рабіць пэўныя крокі насустрач Эўразьвязу. І, адпаведна, Менск чакае крокаў і ад Брусэля. Тут сытуацыя ня можа быць вырашаная простым пасярэдніцтвам. Тым больш — пры тых адносінах, якія існуюць паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, Лукашэнку няма патрэбы сустракацца з Мэркель і Аляндам, бо ім ня будзе чаго абмяркоўваць».

Наступная сустрэча кантактнай групы адбудзецца на наступным тыдні. Пра гэта сёньня паведамілі ў АБСЭ. Аднак месца правядзеньня паседжаньня не называецца.

Дэлегацыі кантактнай групы сёньня пакінулі Менск.